У суд перадалі крымінальную справу ў дачыненні да 37-гадовай мінчанкі, якую абвінавачваюць у крадзяжы ў асабліва буйным памеры шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі, паведамляе Мінск-Навіны.

Грамадзянка як індывідуальны прадпрымальнік аказвала бухгалтарскія паслугі. Сярод пастаянных кліентаў былі тры фірмы.

Ва ўсіх кампаній быў адзін уладальнік. Кіраўнік знайшоў гэтага бухгалтара ў 2015 годзе па аб'яве ў інтэрнэце.

Яе працу ніхто не кантраляваў, бо папросту не разбіраліся ў гэтай сферы. Аднойчы менеджары паднялі трывогу — з'явіліся новыя запазычанасці перад пастаўшчыкамі сыравіны. Тады працадаўца пацікавіўся ў бухгалтара, у чым прычына такога нізкага прыбытку. Тая выкруцілася, сказаўшы, што вытворчае прадпрыемства стратнае і паглынае ўсе заробленыя грошы. Аказалася, такім спосабам зламысніца спрабавала замесці сляды.

Выкрыць зламысніцу дапамагла калега — спецыяліст па знешнеэканамічнай дзейнасці. Западозрыўшы нядобрае, разам з кіраўніком яна прагледзела інфармацыю на камп'ютары бухгалтара і выявіла, што тая пералічыла сабе на рахунак больш за 283 тысячы рублёў, якія належалі кампаніям.

Калі бухгалтар у чарговы раз прыйшла на працу, яе выклікаў кіраўнік і выставіў прэтэнзію. Тая была ашаломленая і змагла толькі прамямліць, што ёй вельмі сорамна. Затым яна хацела пайсці, але ёй прыгразілі выклікам міліцыі і запатрабавалі вярнуць скрадзеныя грошы. Аднак іх яна ўжо паспела патраціць. Каб пазбегнуць пакарання, жанчына напісала распіску, што на працягу 10 дзён абавязваецца вярнуць выкрадзеную суму, а таксама паабяцала перааформіць на кіраўніка свой дом, які знаходзіцца ў аграгарадку Ждановічы.

На наступны дзень абвінавачаная павінна была сустрэцца з кіраўніком у БРТІ, каб перааформіць катэдж. Аднак, па яе словах, дакументы на нерухомасць выпадкова звёз сужыцель, і ў яе пры сабе ёсць толькі пашпарт. Тады мужчына запатрабаваў натарыяльна аформіць даўгавыя абавязацельствы. Бухгалтар пагадзілася. Аднак пакуль той аплачваў дзяржпошліну, яна знікла. На тэлефонныя званкі з таго моманту яна адказваць перастала.

Пазней высветлілася, што зламысніца, спешна прадаўшы свой катэдж, разам з дзецьмі паляцела ў Маямі, дзе пражывала яе маці. Сужыцель абвінавачанай пра гэта нават не здагадваўся, а калі даведаўся, з нервовым зрывам апынуўся ў бальніцы.

Грамадзянку абвясцілі ў міжнародны вышук. У лістападзе 2019-га яе дэпартавалі з ЗША ў Мінск.

Абвінавачаная сваю віну не прызнае. Ёй пагражае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін ад 5 да 12 гадоў са штрафам і з пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0