kremlin.ru

kremlin.ru

Аляксандр Лукашэнка заяўляе пра недахоп у ЕАЭС дэклараваных свабод. Адпаведныя заявы ён зрабіў сёння на сустрэчы са старшынёй Калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі Міхаілам Мясніковічам, перадае БЕЛТА.

«Тых свабод, якія мы калісьці дэкларавалі, сёння практычна няма. Або яны ёсць, можна сказаць мякка, не ў поўным аб'ёме. Дапусцім, свабоднае перамяшчэнне тавараў, паслуг, рабочай сілы і капіталу. Гэта падмурак будаўніцтва нашага саюза.

Мы да гэтага часу гэтага не маем. І ведаеце чаму — пафігізм, які заснаваны на нейкай абыякавасці асобных дзяржаў. Другія бачаць сябе ў іншым саюзе, проста целяпаюцца ў ЕАЭС і чакаюць нейкага зручнага моманту, каб выскачыць з яго. Ці ж проста так: няхай, і далей будзем целяпацца», — заявіў беларускі кіраўнік.

«Таму павінны быць рэалізаваны хоць бы гэтыя класічныя адзіныя прынцыпы. Гэтага пакуль няма», — падкрэсліў ён.

Аляксандр Лукашэнка прывёў звесткі, што ў ЕАЭС зараз ёсць 14 выключэнняў, 37 абмежаванняў і 15 бар'ераў. «Іх жа даўно трэба было зняць.

У адваротным выпадку, які інтарэс у гэтым саюзе? Што нас трымае ў саюзе, калі навокал перашкоды, бар'еры і выключэнні?» — паставіў пытанне кіраўнік дзяржавы.

Ён падкрэсліў, што саюз будуецца для таго, каб стварыць роўныя ўмовы для кампаній, прадпрыемстваў і людзей. «Але з тых часоў, як пачалі будаўніцтва саюза, мы ўсё больш і больш адыходзім ад гэтых роўных умоў. Больш за тое, пачынаюцца незразумелыя патрабаванні і прымусы, манапалізм», — звярнуў увагу кіраўнік Беларусі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0