Ініцыятыва iSANS падрыхтавала даследаванне антыбеларускіх суполак у сацыяльнай сетцы «Укантакце». Эксперты даследавалі больш за 40 публічных старонак і груп, у якіх размяшчаўся кантэнт, які звязаны з дыскрэдытацыяй ідэі незалежнасці Беларусі, а таксама які высмейвае беларускую мову, культуру ці гісторыю.
«Яны рэгулярна публікуюць пасты, якія ганьбяць беларускую мову, культуру, гісторыю, а часам нават заяўляюць, што асобнай беларускай нацыі не існуе, размяшчаюць іншы прапагандысцкі кантэнт, скіраваны супраць Украіны і іншых краінаў, ці ўжываюць мову варажнечы да асобных сацыяльных групаў беларускага насельніцтва», — так характарызуюць крытэрыі выбару груп аўтары даследавання.
Эксперты прыйшлі да высновы, што зараз прапагандысцкая машына ў сацыяльных сетках хутчэй тэстуецца, чым запушчана на поўную магутнасць.
Сярод самых папулярных суполк — «За сильную и процветающую Беларусь», «IMHOclub Беларусь», «Беларусь, Россия, Украина — Русь! Славяне», «ЗОЗ | Забавные Обиженные Змагары», «МЫ ПАТРИОТЫ БЕЛОЙ РУСИ!», «Змагар — Использованная прокладка» і некаторыя іншыя.