Вядома, трохматчавая серыя без перамог не магла не паўплываць на турнірнае становішча БАТЭ. Бляклая нічыя ў гульні са «Славіяй» дазволіла «Шахцёру» ў першы раз за сезон стаць лідарам табліцы.

БАТЭ мог бы аказацца наогул чацвёртым, але «Віцебск» дома не даў сябе абгуляць «Нёману», перарваўшы таму зайздросную серыю з сямі перамог. А «Энергетык-БДУ» без Яхшыбоева і Твэ быў проста размазаны «Рухам» з лікам 1:8.

Фота: ФК «Славія».

Фота: ФК «Славія».

Пакуль не зусім ясна, як барысаўскі клуб збіраецца выпраўляць сітуацыю. Кірыл Альшэўскі кажа, што на добрыя трансферы ў клуба няма сродкаў. Да таго ж еўракубкавыя перспектывы сёлета даволі туманныя, каб гарантаваць істотнае папаўненне бюджэту.

Таму БАТЭ капае неглыбока. Падпісаны кантракт з маладым паўабаронцам «Віцебска» Сяргеем Волкавым, які з наступнага сезона будзе гуляць за новы клуб. Таксама барысаўцы працуюць над трансферамі Аляксея Наско і Шахбоза Умарава з «Энергетыка-БДУ».

Калі вяртацца да матчаў мінулага тура, то варта адзначыць некалькі праколаў у нашых прагнозах.

Мы недаацанілі запал новых «Смалявічаў» — каманда выйграла сваю першую гульню ў «Іслачы» з лікам 3:1, а дублем адзначыўся Уладзіслаў Ложкін. 

Паглядзіце, як былы дублёр мінскага «Дынама» паздзекаваўся з абароны «ваўкоў»:

Таксама малапрадказальнай аказалася другая перамога «Белшыны» ў чэмпіянаце. Жодзінскае «Тарпеда» забіла першым, але ў выніку прайграла, дазволіўшы бабруйцам наблізіцца да мяжы зоны вылету.

Вось усе вынікі матчаў мінулага тура:

  • «Смалявічы» — «Іслач» 3:1 (21, 35, Ложкін; 78, Джыгера — 90+1, Макась)
  • «Белшына» — «Тарпеда-БелАЗ» 2:1 (10, Ковель; 50, Глябко (п) — 7, Капленка)
  • БАТЭ — «Славія» 1:1 (73, Бараноўскі (аг) — 76, Чухлей (п))
  • «Шахцёр» — «Гарадзея» 4:1 (7, Анціч; 38, А. Архіпаў; 40, Іванавіч; 82, Яхшыбоеў — 50, С. Архіпаў)
  • «Энергетык-БДУ» — «Рух» 1:8 (83, Мухамедаў — 13, 65, 77, Канцавы; 31, Грачыха; 40, Рахманаў; 43, Шаўчэнка; 62, Мігуноў; 86, Нікіфарэнка) 
  • «Дынама-Мінск» — «Мінск» 1:0 (26, Бахар)
  • «Віцебск» — «Нёман» 0:0

ТУРНІРНАЯ ТАБЛІЦА

А цяпер пераходзім да матчаў 18 тура.

«Слуцк» — «Іслач»

У «Слуцка» і «Іслачы» цікавая гісторыя супрацьстаяння ў вышэйшай лізе: каманды ніяк не могуць выйграць адна ў адной дома. 

Дзевяціматчавая серыя без перамог у случчакоў і ганебная параза ў Смалявічах у «Іслачы», за якую вельмі хочацца рэабілітавацца, — фактары, якія кажуць на карысць таго, што тэндэнцыя гасцявых перамог можа працягнуцца.

Прагноз «НН»: перамога «Іслачы».

«Гарадзея» — «Белшына»

У «Гарадзеі» — усяго адна перамога ў апошніх дванаццаці турах, і зона вылету ўсё бліжэй. На падмогу «цукровым» падпісаны найлепшы бамбардзір першай лігі Ян Сянкевіч з «Ліды».

Пасля перамогі над жодзінцамі шанцы «Белшыны» на выратаванне сталі выглядаць не такімі мізэрнымі. Нават эксперты ў гульні з «Гарадзеяй» крыху больш вераць якраз у бабруйцаў. «Шыннікам» засталося толькі апраўдаць гэты давер і зрабіць другую палову чэмпіянату яшчэ больш інтрыгуючай.

Прагноз «НН»: нічыя.

«Віцебск» — «Смалявічы»

Пра ролю «гразы аўтарытэтаў» віцебскай каманды мы распавядалі ў папярэднім анонсе. І гэта роля зноў пацвердзілася ў гульні з «Нёманам».

Цяпер на поўнач Беларусі адпраўляюцца «Смалявічы», якія, здаецца, стануць падобныя да «Энергетыка-БДУ» ўзору мінулага года: шмат забітых і прапушчаных мячоў, але нясумна.

Новыя «Смалявічы» святкуюць феерычную перамогу над «Іслаччу». Фота: ФК «Смалявічы».

Новыя «Смалявічы» святкуюць феерычную перамогу над «Іслаччу». Фота: ФК «Смалявічы».

Ці раскусіць гэты цвёрды арэшак каманда Ясінскага?

Прагноз «НН»: тотал, большы за 2.5.

«Рух» — БАТЭ

Брэсцкая каманда дэманструе выдатную хаду: 10 здабытых балаў у апошніх чатырох матчах і 13 забітых мячоў. Такому маглі б пазайздросціць каманды-лідары, але пра праблемы БАТЭ напісана вышэй.

«Рух» узмацніўся чарговым гульцом брэсцкага «Дынама» — Усевалад Садоўскі мусіць узмацніць атакуючую лінію сваёй новай каманды. Не выключана, што ён згуляе ўжо ў найбліжэйшай гульні.

Прагноз «НН»: тотал, меншы за 2.5.

«Мінск» — «Энергетык-БДУ»

Шасціматчавая серыя «Мінска» без перамог не дае «гараджанам» падняцца вышэй за 14 месца. На пяты наступаюць «Смалявічы», таму трэба нарэшце брацца за выпраўленне становішча.

Складана ўявіць, што з сябе будзе ўяўляць далей «Энергетык» без сваіх лідараў. А яшчэ калі і Умарава з Наско забяруць. Але не забываем, што «студэнтаў» трэніруе Анатоль Юрэвіч — такі сівавалосы Дамблдар беларускага футбола, які абавязкова мусіць нешта прыдумаць. Пра медальныя амбіцыі, хутчэй за ўсё, трэба забыць, але крыві «студэнты» яшчэ пап'юць.

Прагноз «НН»: перамога «Энергетыка».

«Нёман» — «Шахцёр»

Сёння «Нёман» адстае ад салігорцаў на тры балы, але ў гарадзенцаў яшчэ ёсць у запасе гульня з «Мінскам». Таму па страчаных балах «жоўта-зялёныя» і «жоўта-чорныя» нараўне перад вочным двубоем.

Менавіта па такіх матчах можна будзе меркаваць пра амбіцыі «Нёмана», які стаў цёмнай кабылкай гэтага сезона.

У першым коле гульня гарадзенцаў і салігорцаў скончылася нулявой нічыёй, але старт у абедзвюх каманд тады не выдаўся. Што пакажа гульня другога кола? 

Прагноз «НН»: тотал, меншы за 2.5.

«Тарпеда-БелАЗ» — «Дынама-Мінск»

Пасля разгрому ад «Шахцёра» жодзінцы прайгралі і найгоршай камандзе чэмпіянату. Паразу ў Бабруйску Юрый Пунтус назваў «чорным днём», за які хочацца выбачыцца перад усімі.

У Леаніда Ковеля 5 забітых мячоў у сезоне, адзін з якіх дапамог перамагчы ў «Тарпеда-БелАЗ». Фота: ФК «Белшына».

У Леаніда Ковеля 5 забітых мячоў у сезоне, адзін з якіх дапамог перамагчы ў «Тарпеда-БелАЗ». Фота: ФК «Белшына».

Праз высокую шчыльнасць у сярэдзіне табліцы няўдачы «Тарпеда» адкінулі клуб на сёмы радок. На шостым з такой жа колькасцю балаў — мінскае «Дынама», якое паступова рухаецца ўгару.

Вясной мінчукі былі мацнейшымі за жодзінцаў. Што будзе на гэты раз?

Прагноз «НН»: перамога «Дынама».

Гульня «Славія» — «Дынама-Брэст» перанесеная.

У сувязі з распаўсюдам каранавіруса мы не раім вам наведваць людныя мерапрыемствы, у тым ліку футбольныя матчы. Калі ўсё ж вырашыце пайсці на стадыён, прытрымлівайцеся мераў засцярогі.

Дзяліцеся прагнозамі ў каментарах. Калі лічыце сябе экспертам у беларускім футболе, зрабіце стаўку ў Букмекерскай канторы Леон!

 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?