Варшаве не падабаюцца праекты накшталт «Паўночнага патоку — 2», заявіў польскі прэм'ер Матэвуш Маравецкі. Яго словы перадае партал Biznes Alert.

Кіраўнік урада раскрытыкаваў пазіцыю Германіі ў справе будаўніцтва расійскага газаправоду.

«Я не лічу, што ў нас у Польшчы пануе жорсткая антырасійская рыторыка. Аднак ёсць некаторыя пытанні, якія нам не падабаюцца, напрыклад, «Паўночны паток — 2», — сказаў Маравецкі.

На думку Польшчы, падкрэсліў ён, еўрапейскія грошы для гэтага газаправода будуць спансіраваць зброю для Пуціна. Праект дазволіць Маскве адрэзаць Украіну ад паставак газу ў Еўропу, а пасля рабіць з гэтай краінай «усё, што захочацца».

«Таму «Паўночны паток» і «Паўночны паток — 2» уяўляюць такую небяспеку для нашага рэгіёна. Менавіта таму мы крытыкуем Германію», — сказаў прэм'ер.

«Паўночны паток — 2» прадугледжвае будаўніцтва двух нітак газаправода, агульная магутнасць якіх складзе 55 мільярдаў кубаметраў газу ў год. Трубаправод працягнецца ад узбярэжжа Расіі праз Балтыйскае мора да Германіі. Супраць будаўніцтва актыўна выступаюць Злучаныя Штаты, Украіна і шэраг краін ЕС.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0