Уключэнне інтэрнэту — відавочная прыкмета таго, што ўлада палічыла, што галоўная небяспека ззаду і трэба вяртацца, наколькі гэта можна, у «нармальнае» жыццё, піша заснавальнік гомельскіх «Моцных навінаў» Пятро Кузняцоў.

Паколькі сёння з абсалютнай упэўненасцю можна сказаць, што краіна ўступіла ў паласу нестабільнасці, можна падвесці выключна папярэднія вынікі.

Народ прайграў вуліцу. Гэта, хутчэй за ўсё, пакуль. Часова. Але на дадзеным этапе — прайграў, бо Лукашэнка застаецца рэальным кіраўніком.

Улада прайграла значна больш.

1. Улада прайграла выбары. Лукашэнка па факце больш не з'яўляецца прэзідэнтам большасці.

2. Улада прайграла ўнутраную легітымнасць. Утрымаўшыся на штыках, яна больш не зможа адчуваць сябе камфортна. Тут гаворка не пра Лукашэнку як такога, а пра сістэму. З кім бы я ні гаварыў сёння з тых, хто працуе ў дзяржарганізацыях, ні ў каго няма радаснага настрою. Усе кажуць адно: «Нас жа цяпер усе ненавідзяць». З гэтым давядзецца жыць.

3. Улада прайграла знешнюю легітымнасць. Яе даўно не існавала дэ-юрэ, але яна была дэ-факта. У плоскасці дэ-факта зараз усё становіцца дрэнна: ніводная краіна, кіраўніцтва якой у здаровым розуме, не стане выбудоўваць доўгатэрміновыя адносіны з дзяржавай, улада ў якой трымаецца выключна на сілавіках і можа ў любы момант змяніцца.

4. Улада прайграла інфармацыйную і іміджавую вайну. Пройгрыш выбараў і наступныя баявыя дзеянні супраць першапачаткова мірных дэманстрантаў не пакідаюць каменя на камені ад рэшткаў рэспектабельнасці.

5. Улада прайграла сімвалічны капітал. Практычна ўсе значныя для гэтай краіны селебрыці і лідары меркаванняў адвярнуліся ад яе. Нават калі цяпер хтосьці пачне вяртацца, а ўлада правядзе для іх «амністыю», парваную вяроўку як ні вяжы, усё адно вузел будзе.

6. Улада прайграла ўстойлівасць сістэмы. Я пра тое, што ёй цяпер трэба або супакоіцца, або перавесці сваю працу практычна на ваенныя рэйкі на пастаяннай аснове. Каб змагацца з цэлым народам, трэба ператварыць краіну ў сапраўдны лагер. У краіне няма столькі турмаў і выканаўцаў, каб фізічна паспяваць і спраўляцца з іншадумствам у такіх маштабах. Перабудаваць так усю сістэму сёння практычна немагчыма праз сукупнасць папярэдніх пунктаў.

Гэтая барацьба — доўгая, на знос. У кароткім прамежку часу ў дзяржавы заўсёды больш шанцаў, дзякуючы дысцыпліне і арганізацыі.

У доўгай перспектыве перамагае заўсёды народ. Таму што і дысцыпліну, і арганізацыю точаць тысячы фактараў. А народ, у адрозненне ад канкрэтных людзей, нікуды не дзенецца.

Калі толькі ў эміграцыю ўсёй краінай не з'едзе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?