«Мама да гэтага часу ў шоку ад таго, што адбылося, але міліцыя не прасіла ў яе прабачэння, яны ёй нават не званілі», — паведаміў AUTO.TUT.BY Ігар, сын жанчыны, якую ўчора на вуліцы Ціміразева закруціла ў калючы дрот пасля таго, як яго на поўным хаду парвалі матацыклы ДАІ. Аднак пасля публікацыі матэрыялу стала вядома, што кіраўніцтва «Стралы» перапрасіла жанчыну.

Учора сілавікі перакрывалі вуліцы каля ГЦ «Замак»: для пешаходаў і транспарту былі забарыкадаваны праспект Пераможцаў і вуліца Ціміразева.

Мінчанін Дзмітрый вяртаўся з паездкі ў сваю кватэру на праспект Пераможцаў. З-за таго, што на Ціміразева быў перакрыты рух транспарту, хлопец вымушаны быў ісці адрэзак шляху пешшу. Каля Т-падобнага скрыжавання, побач з вуліцай Сапёраў, пешаход упёрся ў загароду: папярок праезнай часткі і тратуара стаялі байцы, быў расцягнуты калючы дрот.

Хлопец адзначыў, што такіх, як ён, было каля трыццаці чалавек, прайсці людзям было немагчыма. Дзмітрый паведаміў, што ў асноўным гэта былі жыхары дамоў з бліжэйшых вуліц, як моладзь, так і пажылыя. Сілавікі нікога не пускалі, не памагаў нават пашпарт з прапіскай, людзям сказалі чакаць вечара, пакуль усё разыдуцца. Пры гэтым абысці перакрыты ўчастак было нерэальна.

— Тут на хуткасці каля 100 км/г нясуцца два матацыклы. Я спачатку думаў, што яны нейкія дзёрзкія — едуць на такой хуткасці. Гэта былі даішныя байкі BMW. На хуткасці яны проста разарвалі загароду з калючага дроту. Гэты дрот быў цёмнага колеру і зліваўся з асфальтам. Напэўна з-за вялікай хуткасці матацыклісты проста не паспелі зрэагаваць, — распавёў Дзмітрый.

Па словах відавочцы, матацыклісты пратаранілі калючку, парвалі яе, але байкі не зваліліся. Дрот лопнуў і «адстрэльнуў» у людзей, якія стаялі побач.

— Вельмі пацярпела адна жанчына. Відавочна, яна вярталася з крамы: з пакета, які разарваўся, выпалі і разбіліся яйкі, кукуруза. Саму жанчыну літаральна накрыла дротам. Яна пачала сцякаць крывёй, і было відаць, што знаходзіцца ў шоку. Яна нават не магла гаварыць — на пару секунд выключылася.

Побач апынулася машына хуткай дапамогі, медыкі якой аказалі першую дапамогу пацярпелай. Пасля яе павезлі ў бальніцу.

— Матацыклы ДАІ спыніліся, да іх пад'ехаў патрульны аўтамабіль ДАІ. Адзін з матацыклістаў пад'ехаў да камандзіра байцоў, каб даведацца, як там загарода! Людзі пачалі крычаць, каб ён хоць бы прабачэння папрасіў у пацярпелай жанчыны, але ён проста развярнуўся і з'ехаў.

Па словах відавочцы, аўтамабіль ДАІ таксама з'ехаў з месца здарэння. Супрацоўнікі міліцыі не сталі апытваць сведак, не перапісалі іх даныя. Дапамагалі вызваліць пацярпелую ад дроту сілавікі ў чорным абмундзіраванні.

AUTO.TUT.BY звязаўся з пацярпелай 62-гадовай мінчанкай. Аднак жанчына цяпер знаходзіцца ў цяжкім маральным стане і ад размовы з журналістамі адмовілася. Аб тым, што адбылося, з яе слоў распавёў сын Ігар.

— Мама жыве на вуліцы Чыгладзэ. Учора яна ездзіла па пакупкі. З-за перакрыцця дарог у горадзе яна дабіралася дахаты коламі. З вакзалу пад'ехала на 69 аўтобусе бліжэй да Ціміразева, а адтуль пайшла пешшу, — распавёў мужчына.

Калі жанчына ўперлася ў агароджу з калючага дроту, то падышла да міліцыі даведацца, як ёй дабрацца дадому. У гэты момант матацыклы і заехалі ў «калючку».

— Дрот пакаціўся ў бок пешаходаў, туды, дзе стаяла мама. Моладзь адскочыла, а мама не паспела — яе абматала дротам, яна ўпала.

Медыкі хуткай на месцы аказалі дапамогу пацярпелай. Па словах Ігара, міліцыянеры настаялі на шпіталізацыі, бо жанчына была ў шоку.

— Завезлі ў 6-ю бальніцу, наклалі на ногі два швы, зрабілі здымкі — сур'ёзных траўмаў няма. На целе яшчэ шмат драпін. Цяпер мама дома.

Па паведамленні сына жанчыны, у шпіталі яна адмовілася выклікаць міліцыю і сама заяву не падавала.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?