Некалькі месяцаў таму шматдзетнага бацьку з Брэста Рамана Рашэцкага асудзілі на 15 сутак арышту за ўдзел у акцыі пратэсту. Калі пасля вызвалення ён прыйшоў у РАУС, каб забраць канфіскаваны БЧБ-сцяг, яго зноў зачынілі на трое сутак да суда: маўляў, патрабуючы сцяг, ён «назойліва чапляўся да супрацоўнікаў міліцыі». Тады суд адправіў справу на дапрацоўку, а некалькі дзён таму Раману прыйшоў ліст: вытворчасць па справе аб адміністрацыйным правапарушэнні спынена ў сувязі з заканчэннем тэрмінаў накладання адміністрацыйнага спагнання. Сцяг пакуль што застаецца ў міліцыі, паведамляе Брэсцкая газета.

А раніцай 27 лістапада Раман Рашэцкі па позве хадзіў у адміністрацыю Ленінскага раёна, куды яго выклікалі ў сувязі з тым, што на зашклёных лоджыях у яго кватэры на вуліцы Дуброўскай вісяць БЧБ-сцягі. Па словах Рашэцкага, супрацоўнікі міліцыі склалі на яго пратаколы. У райвыканкаме ў яго прасілі зняць палотны, але берасцеец адказаў катэгарычнай адмовай.

«Я ім сказаў: можаце мяне хоць на 100 сутак упячы — я не здыму. Гэта мая кватэра, прыватызаваная, БЧБ-сцягі законам не забароненыя. Зараз, можа, міліцыя будзе дыктаваць, якія шторы, цюлі вешаць?» — пракаментаваў сітуацыю Рашэцкі.

Паводле яго слоў, праверка ў дачыненні да яго спынена.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0