Скід пары на першым энергаблоку Беларускай АЭС здзейснены планава падчас тэставання абсталявання, напісала ў сваім тэлеграм-канале Міністэрства энергетыкі.
«На першым энергаблоку БелАЭС працягваюцца комплексныя выпрабаванні. У часе аднаго з іх, як гэта і прадугледжвалася праграмай, здзейснены скід пары для тэставання сістэм і абсталявання. У выніку выяўленая неабходнасць дадатковай карэкціроўкі працы накрывак шумапаглынальнікаў пары», — паведамілі ў Мінэнерга.
У міністэрстве адзначылі, што выпрабаванні будуць працягнутыя ў адпаведнасці з графікам этапных работ. Цяпер першы энергаблок уключаны ў сетку.
Раней пра магчымую пазаштатную сітуацыю на БелАЭС інфармавала Беларуская антыядзерная кампанія. У прыватнасці, адзначалася, што з'явіліся непаладкі ў рэзервовай сістэме астуджэння рэактара першага блока.