— Нядаўна я пыталася ў вас, што пра апошнія падзеі сказаў бы Уладзімір Караткевіч, і вы адказалі: «Ён сказаў бы, што на беларускіх вуліцах адрадзіўся фашызм». Мне падаецца, гэта і вашае меркаванне таксама.

— Мы з Уладзімірам — дзеці вайны, і, канечне, бачылі, як фашысты, гітлераўцы ганяліся за нашымі людзьмі. Я добра памятаю, як з гарнізона яны наляталі на вёску і лавілі маладых людзей, каб адправіць іх у Германію ў рабства. І вось нібы праз гады бачу гэты налёт: нашы маладыя хлопцы і дзяўчаты ўрассыпную ляцяць у лес, уцякаюць з вёскі, а немцы гоняцца за імі, нават страляюць. Некаторых схапілі, а іншыя ўцяклі. Я адразу пра гэта ўспомніў, калі ўбачыў, як за маім акном лукашэнкаўскія амапаўцы ганяюцца за мірнымі людзьмі, якія ні ў чым не вінаватыя. «Вінаватыя» толькі ў тым, што выйшлі на вуліцу ў знак нязгоды з палітыкай дзяржавы. Калі я ўбачыў, што робіць наша ўлада з маладымі людзьмі, перад вачыма ўсплыў фашысцкі разбой — гэта адно к аднаму. Я сказаў «наша ўлада», але не ведаю, чыя яна насамрэч, — яна чужая нам.

— А ці ўзнікаюць яшчэ нейкія паралелі?

— Як амапаўцы збіваюць і катуюць людзей — вось і паралель з гітлераўцамі. І гэта ў XXI стагоддзі, праз семдзесят пяць гадоў пасля заканчэння вайны — не ведаю, як свет глядзіць на гэта. Калі фашысты здзекваліся з беларускага народа, расійцы прыйшлі беларусам на дапамогу, каб выгнаць іх з нашай зямлі. Дзіва, што сёння Расія — наша, як гаворыцца, сястра — глядзіць на тое, што робіцца ў Беларусі, скрозь пальцы.

— Улада якраз выкарыстоўвае памяць пра Вялікую Айчынную вайну ў сваёй прапагандзе: маўляў, галоўнае — мір і спакойнае неба над галавой.

— Гэта танная прапаганда. Якая для нас можа быць небяспека з Захаду? Ну ніякай жа небяспекі няма. Адзіная небяспека — з Усходу, адна толькі Расія хоча трымаць нас у кіпцюрах. Лукашэнка і так ужо шмат для яе зрабіў — правёў русіфікацыю. Я так разумею, з-за гэтага Пуцін трымае яго на троне. Але калі падумаць, чаму Расіі важна, каб Беларусь размаўляла на рускай мове? Калі Пуцін хоча сілком пашырыць «русский мир», насадзіць яго гвалтам, усё гэта ў выніку адрыгнецца супраць самой жа Расіі.

— А вы калі-небудзь верылі дзяржаўнай прапагандзе і ўвогуле гэтай ўладзе?

— З самага першага дня я ўбачыў, што гэта чужая ўлада і чужы нам чалавек. Я галасаваў за Пазняка, многія — за Шушкевіча, але сельскае насельніцтва — за Лукашэнку, бо ён быў для іх свой. Шкада, што людзі тады яго не разгадалі.

Хіба гэта не дзіва: кіраўнік Беларусі выгнаў з ужытку мову свайго народа, загнаў яе ў нейкую рэзервацыю. Што дзіўна, 26 гадоў праседзеў на троне Беларусі і нават не вывучыў беларускай мовы. Здаецца, у гэтым годзе ён выступаў на нейкім форуме, дзе, як заўсёды, гаварыў па-руску. Ды вот вырашыў паказаць, што размаўляе таксама па-беларуску, — чытаў з паперчыны, і я бачыў, як ён душыцца нашай мовай.

Як можна такога кіраўніка паважаць, скажыце? Таму наша інтэлігенцыя, увесь адукаваны беларускі свет не прымае яго. Можа, за невялікім выключэннем. Да новых выбараў я б увёў абавязковы экзамен па беларускай мове для кандыдатаў у прэзідэнты — каб толькі пасля паспяховай здачы яны маглі быць зарэгістраваныя.

— Вы сказалі пра непрыманне інтэлігенцыі, а ці выказваюць сёння сваю пазіцыю літаратурныя колы?

— Добра, што ёсць інтэрнэт — там можна выказвацца, і выказваюцца, але, на жаль, недастаткова. Верагодна, не маюць большай магчымасці — многія ж газеты закрытыя, — але я ведаю, што большасць літаратараў такога ж меркавання, як і я.

— Як думаеце, колькі чалавек у праўладным саюзе пісьменнікаў падзяляюць вашыя погляды?

— Не ведаю, усе самыя цікавыя і значныя аўтары, калі і былі, перайшлі ў наш традыцыйны Саюз беларускіх пісьменнікаў. Думаю, усе сябры традыцыйнага саюза, а іх больш за чатырыста, падзяляюць маё меркаванне пра тое, што сёння ўлада ваюе са сваім народам, і гэта ганьба перад усім светам.

— Вы, я ведаю, самі ўдзельнічалі ў пратэсных маршах.

— Я хадзіў на пратэсты яшчэ ў 90-х гадах. Помніцца, хадзілі многія літаратары. Напрыклад, Алесь Адамовіч, Вячаслаў Адамчык, увогуле многія пісьменнікі. Людзей было шмат, але не так, як цяпер: цяпер падняўся ўвесь народ, за выключэннем тых, хто сядзіць перад тэлебачаннем і больш нічога не хоча ведаць. У першыя дні, як пачаліся пратэсты, я неяк выйшаў на вуліцу, на наш праспект Незалежнасці, і не мог надзівіцца: па абодва бакі праспекта па тратуарах з боку Уручча больш за дзве гадзіны ішоў бесперапынны людскі паток да цэнтра горада. Я ўвачавідкі ўбачыў, што за сваю волю, за чалавечую годнасць падняўся беларускі народ. Людзі ішлі, і над імі горда луналі нашы нацыянальныя бел-чырвона-белыя сцягі.

Сёлета я ўбачыў адухоўленых і гатовых стаяць да канца людзей, убачыў, што гэты народ у стойла, у хлеў ужо ніякімі дубінкамі не загоніш. У людзей адкрыліся вочы на праўду, на той застой, у якім сёння апынулася Беларусь. Яна ж зусім не развіваецца, мы сядзім у нейкай яме.

— Помню, яшчэ перад выбарамі вы станоўча ацанілі Бабарыку як кандыдата толькі за тое, што ён дапамог выдаць Алексіевіч на беларускай мове. Чаму такі «асветніцкі» крытэрый дазваляе ацаніць чалавека як палітыка?

— Гэта толькі адзін штрышок, але ён гаворыць шмат: я ўбачыў патрыёта і ўпэўнены, калі б Бабарыка стаў кіраўніком Беларусі, ён не адмовіўся б ад беларускай мовы — гэта самае важнае. Цяпер і народ адчуў, што трэба вяртацца да сваёй, да роднай мовы і ў гэтым таксама супраціў уладзе.

На мітынгах скандуюць не «Живет Беларусь», а «Жыве Беларусь», «Верым, можам, пераможам», на сценах з’яўляюцца беларускія словы. Мая суседка — ёй за 60 — купіла беларуска-рускі слоўнік і вырашыла вывучаць беларускую мову, нават папрасіла ў мяне даць якую кніжку пачытаць. Я даў ёй Кузьму Чорнага. І вельмі добра, што Бабарыка падтрымаў пераклад на беларускую мову кніг выдатнай нашай пісьменніцы Святланы Алексіевіч. У «Беларускім кнігазборы» я раблю тое самае — вяртаю нашых аўтараў, напрыклад, польскамоўных Міцкевіча, Чачота, Ажэшку, у лона беларускай літаратуры. Такія былі ўмовы ў нашай гісторыі, што адны вымушаны былі пісаць па-польску, другія па-руску.

— За гады выдання «Беларускага кнігазбору» чым вы больш за ўсё ганарыцеся?

— Я ганаруся кожнай нашай кнігай. Мы ўпершыню ў належным аб’ёме на беларускай мове далі Міцкевіча, Сыракомлю, Чачота, упершыню на беларускай выдалі Дамейку, Францішку Уршулю Радзівіл — хто пра яе ўвогуле ведаў?, — упершыню ў кантэкст нашай культуры ўвялі Зарыяна Даленгу-Хадакоўскага. Шырокі розгалас атрымаў кнігазбораўскі том «Расстраляная літаратура», які склалі творы нашых таленавітых пісьменнікаў, загубленых карнымі органамі бальшавіцкай улады. Наш кнігазбор, калі паглядзець, — гэта нацыянальны скарб. Я хацеў выдаць дзвесце тамоў беларускай літаратуры не проста для паказу, а каб увесь свет убачыў, што ў Беларусі — вялікая літаратура, а значыць, і вялікі народ.

— Ці даводзілася вам пры выданні кнігазбору ісці на кампрамісы?

— Такога не было. Для сябе я адназначна вырашыў паказаць сапраўдную літаратуру, якой яна была, без цэнзуры, таму мы з Генадзем Вінярскім стварылі сваё выдавецтва. Калі Камітэт друку ўбачыла, што нашы кнігі карыстаюцца вялікім попытам, намеснік міністра Станіслаў Нічыпаровіч звярнуўся да нас, каб сваёй камандай мы перайшлі ў выдавецтва «Мастацкая літаратура». Я падумаў: гэта ж вялікая справа — не трэба ламаць галаву, дзе ўзяць грошы, а для нас гэта была асноўная праблема. Але мы абмеркавалі і вырашылі: «Выбачайце, не пойдзем». Што, калі мы надумаем выдаваць кнігу, а нам скажуць: «Гэты твор ці гэтага аўтара даваць не будзем»? А мы тады думалі выдаць пісьменнікаў-эмігрантаў Наталлю Арсеньеву, Рыгора Крушыну, ды і Ларысу Геніюш — на ўсіх іх у нас глядзелі коса. Таму мы вырашылі кінуцца ў свабоднае плаванне. Але калі расказаць, як мы здабывалі грошы на кожную кнігу…

— А дзе яны звычайна знаходзіліся?

— Шукалі ўсюды, я хадзіў па розных арганізацыях. Ну і спадзяваліся на роднае міністэрства. Я падышоў да Васіля Зуёнка, які быў старшынёй Саюза пісьменнікаў, і сказаў: «Давай пайшлі да міністра», — а міністрам быў палкоўнік Замяталін. Селі мы, я падаў Замяталіну наш план-праспект, ён пачаў гартаць, убачыў кнігу «Абрусіцелі» Надзеі Ланской і кажа: «Абрусіцелі? Вы будзеце такія кнігі выдаваць?» — закрыў і на гэтым размова скончылася. Тады я пайшоў да яго намесніка Нічыпаровіча, і ён даў каманду прафінансаваць нам некалькі выданняў, а пасля ўжо прапанаваў увайсці ў «Мастацкую літаратуру». Нашы кнігі ў той час былі вельмі папулярныя, яшчэ ж і школы беларускія былі — усе кінуліся глядзець «Беларускі кнігазбор», людзі добра бралі, адна кніга літаратуры філаматаў і філарэтаў выйшла накладам 10 тысяч экзэмпляраў.

— Як у ваш кнігазбор трапіў Валерый Казакоў?

— Ён поўнасцю даў фінансаванне на гэтую кнігу. Я спачатку не хацеў, але мне сказалі, што гэта выдатны пісьменнік, я паглядзеў — сапраўды, цікавыя творы. Сам ён з-пад Магілёва. Я падумаў так: «Чаму нам, калі пісьменнік сапраўдны, не перакласці яго і не вярнуць дадому? Можа, калі мы яго выдадзім, ён і сам пяройдзе на беларускую мову?» Але пакуль што не перайшоў. Калі сустрэну, спытаюся чаму. Пра ўсё я раскажу ў гісторыі «Беларускага кнігазбору».

— Вы пішаце яго гісторыю?

— Тое, як мы працавалі, можа быць павучальным для іншых, бо мы выдавалі свае кнігі ў самы складаны час — неспрыяльны для беларускай мовы і літаратуры. Але тым не менш знаходзілі грошы.

— Пазней вы ўсё ж неяк змаглі дамовіцца з выдавецтвам Акадэміі навук.

— Нічыпаровіч стаў намеснікам дырэктара «Беларускай навукі», а ён «Беларускі кнігазбор» падтрымліваў увесь час, маладзец. Ён сказаў напісаць пісьмо Мясніковічу, які тады ўзначальваў Акадэмію навук, каб дазволіў выдаваць нашу серыю ў выдавецтве «Беларуская навука». Мясніковіч даў такі дазвол. І цяпер мы працуем з акадэмічным выдавецтвам.

— Вы займаецеся «Беларускім кнігазборам» ужо больш за дваццаць гадоў…

— Cтолькі ж, колькі Лукашэнка ва ўладзе. «Беларускі кнігазбор» — гэта маё поле бою ў барацьбе супраць русіфікацыі краіны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?