Фота Сяргея Камкова

Фота Сяргея Камкова

«Культура бортніцтва Беларусі і Польшчы» ўнесена ў Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва ЮНЕСКА. Пра гэта БелТА распавялі ў МЗС.

«17 снежня Міжурадавы камітэт па ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА на 15-й сесіі вырашыў уключыць сумесную намінацыю Беларусі і Польшчы «Культура бортніцтва» ў Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва (ЮНЕСКА)», - расказалі ў прэс-службе.

Бортніцтва — старадаўні лясны промысел, пачатковая форма культурнага пчалярства. Заснавана на развядзенні і ўтрыманні лясных пчол у штучных дуплах.

У МЗС падкрэслілі, што ўключэнне ў спіс — вынік сумеснай работы нацыянальных камісій па справах ЮНЕСКА, міністэрстваў культуры Беларусі і Польшчы, мясцовых супольнасцей бортнікаў, няўрадавых арганізацый і экспертаў дзвюх краін.

З уключэннем «Культуры бортніцтва Беларусі і Польшчы» Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва ЮНЕСКА стаў налічваць чатыры беларускія элементы.

Раней у яго былі ўключаны святочны калядны абрад у вёсцы Семежава «Калядныя цары», Будслаўскі фэст, а таксама абрад «Юр'еўскі карагод» у вёсцы Пагост Жыткавіцкага раёна.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0