Конкурс «Цюркбачанне» быў створаны ў Турцыі ў піку Еўрабачанню для спевакоў з цюркскіх краін або «цюркскага паходжання з краін, дзе значная частка насельніцтва размаўляе на цюркскіх мовах». Упершыню конкурс адбыўся ў Стамбуле ў 2013 годзе, усяго тады бралі ўдзел 12 краін, у тым ліку Беларусь у асобе Гюнэш — хоць не сказаць, што і ў Беларусі шмат хто гаворыць на цюркскіх мовах, бо беларускія татары беларускамоўныя. 

З 2016 года конкурс падвіс пасля спробы перавароту ў Турцыі, затое сёлета прайшоў вялікапышна. Было 26 удзельнікаў. Сярод іх — гагаузы Малдовы, туркмены Ірака, а ад Расіі — асобны ўдзельнік ад Хакасіі, асобны — ад Якуціі Саха, асобныя — ад нагайцаў, Татарстана, Башкартастана, Тувы і Масквы. Аўтаноміі Расіі спявалі пад двума сцягамі: сваім нацыянальным і расійскім.

Была рэпрэзентаваная і Беларусь. Непадобна, каб спявачка Святлана Агарвал мела ў сваіх жылах шмат цюркскай крыві, але муж у яе індыец і спявае яна на хіндзі. Тут жа ёй давялося спяваць на азербайджанскай, але зрабіла гэта яна таксама ў індыйскім стылі. Песня называецца «Зразумей мяне».

Аўтарам кампазіцыі стала спявачка Гюнэш, якая на першым Цюркбачанні заняла другое месца.

Сёлета галоўную ўзнагароду конкурсу ўзяла пасланка Украіны гагаузка Наталі Папазаглу, а Святлана Агарвал апынулася на 23 месцы з 26 магчымых.

Наступны выпуск Цюркбачання мае адбыцца ў Нагорным Карабаху, у Шушы, нядаўна вернутай пад кантроль Азербайджана з дапамогай турэцкай зброі — тэма гонару Рэджэпа Эрдагана, які бачыць сябе будаўніком і лідарам «цюркскага свету».

А вось як гучыць класічны поп з Якуціі Саха:

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0