«Купалу» беларусам так і не паказалі

За доўгі час існавання «Беларусьфільма» гэта самы рэзанансны яго праект. Баёпік пра Янку Купалу сталі актыўна абмяркоўваць яшчэ ад моманту, калі яго стварэнне было толькі ў планах: так нетыпова для сябе кінастудыя ўзялася за беларусацэнтрычны сцэнарый. Першы паказ павінен быў адбыцца 17 снежня мінулага года, але са спасылкай на недапрацоўкі ў графіцы вечар правялі без «Купалы». Хутка ўзнікла лагічнае пытанне, чаму фільм гатовы, а яго не паказваюць — Віктар Марціновіч напісаў калонку «Годзе хаваць «Купалу», а кінастудыя тым часам прытрымала нацыянальны паказ, бо запланавала для стужкі вялікі фестывальны лёс. Праз пандэмію каранавіруса мы так і не даведаемся, якіх поспехаў на міжнароднай арэне дасягнуў бы баёпік пра народнага паэта. У Беларусі ж усё працягнулася злівам чарнавой версіі ў адзін з тэлеграм-каналаў. Нарэшце, паўнавартасная міжнародная прэм’ера карціны адбылася ў лістападзе на кінафестывалі «Маскоўская прэм’ера», а беларускім гледачам «Купалу» так і не паказалі. Некаторыя мяркуюць, праз тое, што ў існуючай палітычнай сітуацыі ён тут не да месца.

Скандал праз адсутнасць Беларусі на Берлінале

Сцэнарыст і рэжысёр Андрэй Курэйчык публічна абурыўся тым, што на кінарынку Берлінале адсутнічаў стэнд Беларусі. Маўляў, на маркеце былі прадстаўленыя Расія, Украіна, Арменія, Грузія, Таджыкістан і нават «самая бедная краіна на гэтай планеце» Руанда, а нас не было. Хаця гэтым разам можна было прарэкламаваць сябе наглядна: на кінафестывалі праходзіла прэм’ера стужкі «Урокі персідскай» Вадзіма Перэльмана, да капрадукцыі якой далучыўся «Беларусьфільм». Міністэрства культуры зарухалася і прызначыла сустрэчу з кінадзеячамі, каб абмеркаваць пытанне, але якія рашэнні былі на ёй прынятыя, невядома. Так ці інакш, дыскусія ў чарговы раз нагадала, што ў нас няма кінаіндустрыі. Беларусаў няма на міжнародных кінарынках, беларусаў няма ў міжнародных фондах кшталту «Крэатыўнай Еўропы», у Беларусі няма сістэмы рыбейта (яна дае магчымасць кінакампаніям вярнуць частку патрачаных у краіне грошай на вытворчасць фільма). Адпаведна, Беларусь — папросту малацікавы замежным кінавытворцам рынак, і Мінкульт не дэманструе імпэту выправіць гэтую сітуацыю.

Фінансаванне экранізацый беларускіх кніг адмененае

Міністэрства культуры праз казённую працэдуру дзяржзакупкі пастанавіла прафінансаваць некалькі незалежных кінапраектаў: экранізацыі кніг «Сфагнум» Віктара Марціновіча і «Радзіва «Прудок» Андруся Горвата, фільм пра Аляксандра Мядзведзя і серыял пра Уладзіміра Мулявіна. Рашэнне выглядала неверагодным, бо звычайна бюджэт на кіно накіроўваўся «Беларусьфільму», а незалежныя вытворцы за рэдкім выключэннем ігнараваліся. Зрэшты, ужо хутка Мінкульт выправіўся і адмяніў тры з чатырох дзяржзакупак, спаслаўшыся на скаргі ў МАРГ, у тым ліку гучную скаргу Андрэя Курэйчыка на тое, што большасць лотаў выйграла «Першая кінавідэакампанія». У выніку бюджэтныя грошы засталіся толькі на серыял пра Мулявіна. 

«Лістапад» адмянілі

Міжнародны кінафестываль «Лістапад» адмянілі за дзень да адкрыцця. Увечары, калі арганізатары рабілі апошнія прыгатаванні, Міністэрства культуры даслала кампаніі мэйл з паведамленнем аб адмене, а пасля апублікавала рашэнне ў сваім тэлеграм-канале. Афіцыйнай прычынай была названая эпідэміялагічная сітуацыя, хаця кінатэатры працягнулі працу, таму, імаверна, рэальная прычына гучыць інакш. Фестываль меркаваў адкрыцца «Урокамі персідскай» і паказаць 120 фільмаў, у тым ліку асобную праграму беларускага кіно, а таксама правесці Індустрыяльную платформу з лекцыямі і дыскусіямі. У выніку сабраную праграму арганізатары сталі выпускаць часткамі — асобнымі паказамі альбо кінапраграмамі. Адбыўся таксама Фестываль беларускага кіно, куды ўвайшоў увесь Нацыянальны конкурс «Лістапада».

На «Оскар» ад Беларусі вылучаюць не беларускі фільм

Старшыня беларускага оскараўскага камітэта Ігар Поршнеў паведаміў, што на «Оскар» ад краіны вырашана вылучыць «Урокі персідскай» Вадзіма Перэльмана — тую самую карціну, у вытворчасці якой паўдзельнічаў «Беларусьфільм». Выбіраў камітэт паміж «Урокамі» і стужкай Улады Сеньковай II, дзе выкрываюцца хібы і прымхі нашага грамадства. Ёсць такая практыка: праекты, якія не вытрымліваюць канкурэнцыю ў асноўнай краіне вытворчасці, ідуць на прэмію ад менш датычнага і менш прадуктыўнага партнёра. Такім чынам у гэтай схеме аказалася Беларусь, праўда, у год, калі беларусы гучна заяўляюць пра сябе, выбар оскараўскага камітэта выглядае неадпаведным часу і сітуацыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?