Незалежная тэатральная група «Купалаўцы» сёння прэзентуе новую пастаноўку.

«Гэта быў няпросты для нас год, але скончыць яго мы хочам з іскрынкай уваччу, полымем у сэрцы і з прэм’ерай на ютубе», — гавораць акторы.

«Мы зноў звярнулі ўвагу на п’есу нямецкага драматурга Георга Бюхнэра «Войцэк». Сёння мы прапануем вам выбраныя сцэны з п’есы і спадзяёмся, што гэта стане пралогам да больш маштабнага тэатральнага праекта.

Архіўнае фота. Культарпрасвет

Архіўнае фота. Культарпрасвет

Георг Бюхнер напісаў сваю самую славутую п’есу «Войцэк» у 1837 годзе, але поспех да твора прыйшоў толькі ў ХХ стагоддзі, якое вызваліла яго абсурд, неверагодную экспрэсію і вострую экзістэнцыяльную праблематыку. 

Хто такі Войцэк? Франц Войцэк — патульны, як цялё, салдат. Служыць ён аддана і пагаджаецца на ўсё: на сумнеўныя эксперыменты шарлатана-доктара, на папрокі дурнаватага капітана, на кпіны і знявагі. Абы прынесці грошай сваёй каханай Марыі і прабавіць вольную хвіліну над калыскай сына. Аднак падзеі паступова выходзяць з-пад яго і так слабога кантролю. 

Рэжысёр пастаноўкі Раман Падаляка зазначае: «Тэкст п’есы даволі складаны і не адразу можна знайсці да яго ключык. Для мяне гэта гісторыя простага, маленькага чалавека, які не быў народжаны забойцам, рос слаўным дзіцёнкам. Але сістэма паступова падбіраецца і да яго ды жорстка нішчыць самае добрае, што засталося ў ягонай душы. У выніку Войцэк забівае самага блізкага чалавека. Забівае ўсё чалавечнае ў сабе».

30 снежня а 19:00 мы будзем чакаць вас на нашым ютуб-канале!

Працягласць спектакля — 50 хвілін.

Доступ да спектакля «Войцэк. Сцэны» будзе адкрыты з 19:00 да 24:00 30 снежня. Наступны паказ адбудзецца 20 студзеня 2021 года.

Нагадаем, што ў кастрычніку Купалаўцы прэзентавалі анлайн новую версію «Тутэйшых». Спектакль у інтэрнэце паглядзелі сотні тысяч чалавек.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0