Фота з фэйсбука

Фота з фэйсбука

Кіраўніку Акадэміі прэс-клуба, грамадзяніну Расіі Сяргею Якупаву, які быў затрыманы разам з іншымі супрацоўнікамі арганізацыі, не было выстаўленае абвінавачванне. Сёння ён высланы ў Расію, паведаміў адвакат Антон Гашынскі, піша Tut.by.

Сяргей Якупаў дастаўлены ў аэрапорт пад канвоем. Сёння ён быў вызвалены з СІЗА. Абвінавачванне паводле ч. 6 арт. 16 і ч. 2 арт. 243 КК Рэспублікі Беларусь (дапамаганне ва ўхіленні ад выплаты падаткаў) яму выстаўленае не было, паведаміў адвакат Антон Гашынскі.

Аб змене меры стрымання для Якупава прасілі некалькі буйных расейскіх выданняў. РБК у пісьмовым звароце на імя кіраўніка Следчага камітэта прасіў змяніць Сяргею Якупаву меру стрымання на не звязаную з пазбаўленнем волі. Выданне паказвала, што ён рэалізаваў паспяховыя праекты для медыяхолдынга РБК і зарэкамендаваў сябе як першакласны медыястратэг і дасведчаны рэдактар. «Упэўненыя, што грамадскай небяспекі Сяргей не ўяўляе і не мае намеру чыніць перашкоды законным следчым дзеянням», — гаворыцца ў лісце.

31 снежня, нагадаем, абвінавачванні ва ўхіленні ад выплаты падаткаў і дапамаганні ў гэтым былі выстаўленыя заснавальніцы прэс-клуба Юліі Слуцкай, фінансаваму дырэктару прэс-клуба Сяргею Альшэўскаму, праграмнаму дырэктару Але Шарко, аператарам Пятру Слуцкаму і Дзянісу Сакалоўскаму, сябру КС і былой журналістцы БТ Ксеніі Луцкінай. Яны застаюцца пад вартай у СІЗА нумар 1 на вуліцы Валадарскага. Усе яны былі затрыманыя 22 снежня.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0