Упершыню беларусы мелі такі вялікі выбар навагодніх ютуб-шоу. Колькі людзей аддалі ім перавагу перад традыцыйным тэлебачаннем і чые шоу сталі самымі папулярнымі? 

Нехта — безумоўны лідар. Яго аналітычна-забаўляльны навагодні стрым сабраў 406 тысяч праглядаў.

У размоўным стрыме былі актывістка Ніна Багінская, бізнэсовец Вадзім Пракоп'еў, эмігрант, былы намеснік камандзіра «Алмаза» Ігар Макар, экс-следчы Андрэй Астаповіч і член Каардынацыйнай рады Вольга Кавалькова, а таксама Алена Жываглод з Нацыянальнага антыкрызіснага ўпраўлення і прэс-сакратар НАУ Макс Паршута.

Па відэасувязі ў перабіўках спяваў NaviBand, уключалі хіты TorBand і ўспаміналі падзеі года.

У студыі брынкалі на гітары, пілі шампанскае, елі аліўе, усё было нефармальна, часам скамечана і спантанна. Пры гэтым збіралі грошы на дзейнасць медыя Нехты. Перад відэазваротам Ціханоўскай ён даў песню «Разбуры турмы муры» ў выкананні сябе самога.

Навагодняе віншаванне Святланы Ціханоўскай у яе на канале сабрала 263 тысячы праглядаў. Разам жа стрымы, дзе ўключалі зварот Ціханоўскай, сабралі каля 1,2 мільёна праглядаў за ноч. У канале Ціханоўскай каменты адключаныя, але водгукі на яе зварот у іншых каналах амаль татальна пазітыўныя. Многія жанчыны прызнаюць, што плакалі, слухаючы свайго лідара.

На Белсаце асобны стрым з навагоднім віншаваннем Святланы Ціханоўскай сабраў 247 тысяч праглядаў. «Неверагодна-навагодні вечар на «Белсаце» сабраў яшчэ 88 тысяч праглядаў. Немагчыма падлічыць, колькі людзей глядзела яго традыцыйна, праз спадарожнік. Яшчэ 22 тысячы праглядаў сабраў пасля поўначы «Партызанскі Новы год на «Белсаце» — мікс беларускіх хітоў — як класічных, так і «песень пратэсту» ад «Правіл» Nizkiz да Шаркуновай.

«Новогодняя программа. 20 протестных песен 2020 года» на канале «Краіна для жыцця» быў таксама ў фармаце музыка+палітыка. 118 тысяч праглядаў.

«Жыве Новы год!» «Сумленных людзей» былі кактэйлем з музыкі, віншаванняў ад дзеячаў культуры, апазіцыі, эміграцыі і простых людзей.

Асаблівасцю не толькі гэтага шоу, але і ўсіх, быў дэмакратызм. Нізкабюджэтныя, некаторыя зусім капеечныя — усе яны давалі слова тысячам людзей, якія даслалі свае відэа. Беларусы выходзілі на сувязь з Японіі, Каталоніі, Канады, Таліна, Філадэльфіі, Тайланда, ад варот суда ў Гаазе і самых канцоў свету. І тут жа — з Ангарскай, Малінаўкі, Брэста, Гомельскай вобласці. Гэта стварала неймаверную атмасферу яднання па-над межамі.

«Жыве Новы год!» «Сумленных людзей» сабраў 90 тысяч праглядаў.

Размоўна-музычнае шоу «Новогодний эфир // Malanka.live» — 66 тысяч праглядаў.

«Жыве Live 2021» — шоу з беларуска-расійскімі музычнымі зоркамі — сабрала 59 тысяч праглядаў.

Арыентаваны на падлеткаў і студэнтаў «Годны аганёк — навагодняя музычная вечарына з яркімі і моднымі беларускімі групамі і артыстамі» — 52 тысячы.

Разам гэтыя ютуб-стрым-шоу сабралі за ноч больш за 915 тысяч праглядаў. Імаверна, кожны стрым глядзелі 4—5 чалавек — столькі ў сярэднім збіраецца за адным навагоднім сталом. 

Колькі глядзелі «Белсат» праз спадарожнік, звестак няма.

Лічбы праглядаў, імаверна, падвояцца за наступныя дні.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0