У судзе Савецкага раёна Мінска 4 студзеня аб 11.00 распачаўся разгляд крымінальнай справы супраць байкераў, паведамляе spring96.org.

На лаве падсудных Андрэй Іванюшын, Мікіта Афанасьеў, Мікіта Траццякевіч. Усіх іх вінавацяць у гвалце ў дачыненні да супрацоўніка міліцыі — арт. 364 Крымінальнага кодэкса. Інцыдэнт адбыўся 19 верасня каля ГЦ «Еўропа», калі невядомыя сталі затрымліваць аднаго з матацыклістаў, а астатнія пачалі яго абараняць.

«Усе, вядома, сталі абараняць аднаго і пачалі выцягваць яго з машыны гэтых невядомых. Пачалася бойка, хтосьці выцягнуў ключы ў іх з машыны. Калі нашага хлопца ўжо выцягнулі, гэты грамадзянін дастаў нешта падобнае на пісталет, усё гэта ёсць на відэа. Яны нам не прадстаўляліся, дакументы не паказвалі, былі ў цывільным. Хто гэта быў — незразумела», — апісваў падзеі адзін з відавочцаў.

Напрыканцы кастрычніка ў афіцыйным тэлеграм-канале МУС з’явілася інфармацыя, што чацвёра байкераў былі затрыманыя ў межах крымінальнай справы, бо пашкодзілі службовае аўто і прымянілі гвалт у дачыненні да міліцыянера — як выявілася, супрацоўніка ГУБАЗіК.

Справу разглядае суддзя Аляксандр Волк. На працэс у залю пусцілі па пашпартах толькі нешматлікіх родных і прадстаўнікоў СМІ — не больш за 10 чалавек. Яшчэ чалавек 15 засталіся на калідоры. Але, як аказалася, месцаў у залі хапае, аднак нібыта праз пандэмію каранавіруса людзей рассадзілі на адлегласці адно ад аднаго.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0