Суд Ленінскага раёна Магілёва пачаў разгляд крымінальнай справы па ч. 1 арт. 339 КК (Хуліганства) у адносінах да 50-гадовага Сяргея Базука. Яго абвінавачваюць у тым, што 26 кастрычніка і 11 лістапада раскідаў на службовых стаянках каля абласнога ўпраўлення міліцыі, КДК, 11-га ўпраўлення ГУБАЗіК ды СК самарэзы, каб супрацоўнікі гэтых ведамстваў прабілі колы службовых машын. Ад дзеянняў магілёўца пацярпеў толькі супрацоўнік КДК, які ацаніў шкоду ў 30 рублёў, піша «Радыё Свабода».

Падобная справа сёння разглядаецца і ў Слуцку, дзе мясцовы жыхар 4 жніўня раскідаў шрубы каля будынка РАУС.

Справу жыхара Магілёва разглядае суддзя Аксана Ратнікава. Абвінавачанне кваліфікавала дзеянні Базука як «грубае парушэнне грамадскага парадку, дэманстратыўнае грэбаванне агульнапрынятай культурай паводзінаў людзей, скіраваных на пашкоджанне чужой маёмасці і дэзарганізацыю адміністрацыйных установаў» — па ч. 1 арт. 339 Крымінальнага кодэкса. Ад дзеянняў магілёўца пацярпеў супрацоўнік КДК. Ён прабіў кола машыны на раскіданых Базукам самарэзах. Нанесеную шкоду ў 30 рублёў абвінавачаны кампенсаваў.

Сваю віну Сяргей Базук прызнаў у поўным аб’ёме і раскаяўся. На судзе ён сцвярджаў, што сваім учынкам выказваў пратэст супраць вынікаў прэзідэнцкіх выбараў, збівання сілавікамі грамадзян на мірных акцыях пратэсту, а таксама следчых органаў, якія не прыцягваюць вінаватых у гвалце да крымінальнай адказнасці.

Базук у паказаннях суду адзначыў, што сваім учынкам выказваў пратэст супраць дзеянняў сілавых структураў. Намераў дэстабілізаваць іх працу ці нанесці ім шкоду ў яго не было. Раней ён пісьмова звяртаўся з сваім бачаннем сітуацыі ў пракуратуру і Дзяржкантроль, але адтуль атрымаў «фармальныя адпіскі».

Ідэя раскідаць самарэзы на стаянках яму прыйшла спантанна пасля падзеяў 9 жніўня, бо «шмат назбіралася выпадкаў». Абвінавачаны згадаў, як начальнік ГУБАЗіК разбіваў вітрыну ў мінскай кавярні, а сілавікі са схаванымі тварамі «хапалі ўсіх без разбору» і «невядома, куды схопленыя траплялі». Сам ён сачыў за выбарчай кампаніяй і быў не згодны з яе вынікамі — «аддадзенымі працэнтамі за прэзідэнта і кандыдата ў прэзідэнты Святлану Ціханоўскую». У Магілёве ўдзельнічаў у мірных акцыях пратэсту як назіральнік.

Сяргея Базука затрымалі на прыпынку грамадскага транспарту 16 лістапада. З таго часу яго ўтрымліваюць у следчым ізалятары Магілёва. Паводле яго, паказанні следству даваў добраахвотна, без прымусу. Самарэзы яму выдалі на былой працы ў заробак. Іх раскідваў на стаянках жменькамі і ведаў, што пляцоўкі пад відэаназіраннем.

Працяг судовага працэсу адбудзецца 20 студзеня.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0