Ліст Дар'і Радзькоўскай да Кацярыны Барысевіч у СІЗА.

«Прывітанне, мамачка!

Пішу табе з тваёй роднай вёскі. Ужо наелася баршчу, выпіла гарбаты з торцікам. Пасмяяліся, як заўсёды з дзядулем. Ведаеш, у іх стаіць такая прыгожая ёлка, як у тваім дзяцінстве, з навагоднімі цацкамі і срэбным дожджыкам. Абавязкова сфатаграфую, каб ты, як вернешся дадому, убачыла гэты маленькі цуд.

Як у цябе справы? Ці добра ясі? Ці трымаеш свае ножкі ў цяпле?Якую кніжку зараз чытаеш? Калі ласка, пішы ўсё падрабязна. Хачу падзяліцца, мамачка, з табой маленькай радасцю. Амаль пасля месяца блуканняў я вярнулася нарэшце дадому. Цяпер я магу ляжаць пад любімым таршэрам і ўспамінаць нашы сямейныя вечары. Я адразу зрабіла генеральную ўборку, залезла ў кожны куточак кватэры, вынесла тры пакеты ўсяго непатрэбнага (на мой погляд). Так што Новы год пачну з «чыстага аркуша».

Учора вярталася з крамы, дык пачаўся такі снегапад (а ў вёсцы зусім снегу няма). Я некалькі хвілін стаяла і лавіла сняжынкі. Адчула сябе так лёгка і бесклапотна — даўно так не было.

Нядаўна адправіла табе паштоўку з дзвюма совамі. Прызнайся, ці атрымала яе?

Памятаеш, я расказвала табе пра шопер? Дык вось, я яго ўжо забрала і хаджу з ім уся такая модная.

Пра нашы сумесныя планы. Што мы з табой зробім найперш, як усё скончыцца? Куды пойдзем на каву? Як ты глядзіш на «марафон» фільмаў пра Італію? Я столькі ўсяго запланавала, засталося толькі цябе дачакацца. Толькі напісала пра Італію, як бабуля перадала паштоўку з савой ад цябе, дзе ты прыгадваеш пра наша падарожжа ў Сарэнта. Соўлмейты, менавіта так.

Я цябе вельмі люблю, дарагая. Пастаянна перачытваю твае лісты, яны падымаюць настрой. Дзякуй табе вялікі. Мы ганарымся табой, заўсёды памятай пра гэта. Бабуля з дзядулем перадаюць табе прывітанне і моцна абдымаюць. А я цалую ў носік. Да пабачэння, мая дарагая!

P.S. Праверым, ці памятаеш, ты англійскую мову. Будзем лічыць, што я замовіла для цябе песню на Новы год.

Dancing in my room, swaying my feet
Tryna give you love and a kiss on the cheek
Cotton candy skies like I’m stuck in a dream
And I’ve been feeling blue, you’re the one that I need

And baby, yeah, you give me reasons
Just to fight all of my demons
Yeah, I love it when you’re speaking
‘Cause you silence all my feelings

Ліст надрукаваны ў газеце «Новы час» (№1, 2021).

Фота з фэйсбука Кацярыны Барысевіч

Фота з фэйсбука Кацярыны Барысевіч

***

Журналістка Tut.by Кацярына Барысевіч знаходзіцца ў СІЗА ад 19 лістапада па справе доктара Арцёма Сарокіна, які паведаміў, што ў Рамана Бандарэнкі, які памёр пасля збіцця на «плошчы Перамен», не было алкаголю ў крыві.

Ёй можна пісаць на адрас:

220030, Мінск, Валадарскага, 2, СІЗА №1.

Барысевіч Кацярыне Анатольеўне.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0