Tut.by расказвае, хто гэтыя людзі і як прайшоў суд.

Затрыманыя — Анжаліка Грамыкіна (52 гады), Аляксандр Самусёў (62 гады), а таксама іх дачка Ксенія Самусёва (18 гадоў).

Анжаліка Грамыкіна і Аляксандр Самусёў. Фота: з архіва сям'і

Анжаліка Грамыкіна і Аляксандр Самусёў. Фота: з архіва сям'і

Ксенія Самусёва. Фота: з архіва сям'і

Ксенія Самусёва. Фота: з архіва сям'і

— У Мінску ўжо была ноч. Мама патэлефанавала мне з РУУС і сказала, што іх затрымалі. Гэта здарылася якраз у дзень яе нараджэння, — распавёў сын Анжалікі Грамыкінай Раман.

Затрыманыя: «Проста выйшлі на прагулку»

11 студзеня мінчукоў, затрыманых на вуліцы Леаніда Бяды, судзілі праз скайп. Самусёвы выходзілі на сувязь з ІЧУ на Акрэсціна, у іх быў адвакат. Усіх палічылі ўдзельнікамі несанкцыянаванага масавага мерапрыемства, якія аказалі непадпарадкаванне падчас затрымання (артыкулы 23.34 і 23.4 КаАП).

Рашэнні на судах прынялі такія: Ксенія Самусёва — 15 сутак, Анжаліка Грамыкіна — 17 сутак, Аляксандр Самусёў — 20 сутак.

Затрыманыя распавядалі падчас судовых пасяджэнняў: у той вечар у іх дома былі госці. Калі яны іх правялі, выйшлі на шпацыр.

— Мы ішлі па вуліцы з бацькамі ўтраіх. Калі я павярнулася, убачыла машыну без апазнавальных знакаў, — распавяла 18-гадовая Ксенія Самусёва. — Праз некалькі секунд на тату ззаду напалі людзі — яны былі не ў форме, не прадставіліся, сталі заломваць рукі, а я крычала: «Што вы робіце?» Тату пацягнулі ў іншую машыну, а нас з мамай сталі запіхваць у джып.

Дзяўчына распавяла, што моцна спалохалася, пачала задыхацца, страціла прытомнасць.

— Калі я прыйшла ў сябе, нас ужо перагружалі ў іншую машыну, у мікрааўтобус. Людзі былі ў масках, чорнай вопратцы, але я не бачыла ні значка міліцыі, ні знака АМАП. Потым нас прывезлі ў РУУС і сталі аглядаць, абшукваць.

Падобным чынам апісвалі ў судзе свае затрыманне і бацькі дзяўчыны.

— Мы ненадоўга апынуліся на вуліцы, мама без шкарпэтак нават выйшла, проста ў ботах. Так, у мяне і мамы з сабой былі ліхтарыкі, але мы жывём у прыватным сектары — у нас цёмна, таму мы часта ходзім з ліхтарыкамі.

У пратаколе адзначаецца, што затрыманыя аказвалі супраціў: «хапаліся за форменнае абмундзіраванне», «упіраліся нагамі».

— Невядомыя людзі ў звычайным адзенні, не ў міліцэйскай форме, ударылі маму, тату — як я магла проста ўзяць і проста пайсці ў машыну? — пыталася ў судзе Ксенія Самусёва.

Адным са сведкаў у судах над сям'ёй быў міліцыянер з Савецкага РУУС. Паводле яго слоў, сілавікі прыехалі, таму што на вуліцы Леаніда Бяды праходзіла несанкцыянаванае масавае мерапрыемства. Маўляў, была група «ад 10 да 20 чалавек», якія разбегліся па дварах. Супрацоўнік міліцыі дадаў, што ў затрыманні не ўдзельнічаў, але быў на месцы, у міліцэйскай форме. Затрыманыя з гэтым не згодныя.

На відэа, якое даслалі чытачы, масавага мерапрыемства не відаць.

Сын затрыманых: «Айчым робіць валёнкі, праца стала ў самы сезон»

Айчым Рамана, Аляксандр Самусёў — шапавал. Ён ужо шмат гадоў займаецца вырабам валёнак з натуральнай воўны, адзін з нямногіх, хто робіць іх уручную.

samusev.by

samusev.by

— Заказы прыходзяць нават з далёкага замежжа — напрыклад, з ЗША, Канады. Не раз да яго ў майстэрню прыязджалі рэпарцёры з СТБ і БТ і бралі інтэрв'ю. Мама дапамагае айчыму ў дэкоры і ўпакоўцы валёнак, — распавёў Раман. — Пасля затрымання, вядома, уся іх праца стала, нягледзячы на тое, што цяпер самы сезон. Сястра толькі скончыла школу, цяпер вывучае Motion Design. Больш за ўсё трывожыцца, як яна перанясе арышт. У яе ёсць праблемы са здароўем, а цяпер перажыла моцнае спалоханне.

Малады чалавек упэўнены, што яго блізкія не зрабілі нічога супрацьпраўнага.

— У Мінску цяпер забаронена па вуліцах хадзіць з ліхтарыкамі? Вядома, гэтая сітуацыя чаканая з улікам таго, што цяпер адбываецца ў Беларусі, але неяк ужо занадта шмат пытанняў. Мы да апошняга спадзяваліся на лепшы зыход гэтага непаразумення. І, вядома, рашэнне суда шакавала. Да гэтага часу не верыцца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?