«Амаль месяц прайшоў з пачатку маёй галадоўкі. Хацеў бы выказаць падзяку ўсім, хто мяне падтрымлівае. Нягледзячы на тое, што мне з аўторка мінулага тыдня перасталі перадаваць вашы лісты, я ведаю, што вы мне пішаце. Шмат пішаце. Усім, ад каго я атрымаў лісты, я адказаў — чакайце персанальныя словы падзякі, малюнкі і навіны з майго турэмнага жыцця. Напэўна, вера ў вас, а таксама ва ўласную правату і невінаватасць даюць мне сіл трымацца. Усім даўно відавочна, што мой крымінальны пераслед беспадстаўны.

Вельмі вас усіх прашу — не трэба ўгаворваць мяне спыніць галадоўку і здацца. Як я магу здацца, калі больш за паўгода мяне трымаюць у турме незаконна. Я ўжо забыў голас сваёй дачкі. Я разумею, што мае родныя і ўсе неабыякавыя людзі вельмі хвалююцца за маё здароўе. Але спыняцца я не магу і не хачу. Сваім жыццём я буду распараджацца сам, а сілы ў мяне пакуль яшчэ ёсць. Я веру ў сілу вашай салідарнасці».

Крымінальная справа заведзена па артыкуле «Арганізацыя масавых беспарадкаў». Праваабаронцы прызналі Ігара Лосіка палітвязнем.

Лосіка затрымалі 25 чэрвеня пасля ператрусу дома ў Баранавічах.

Дома Ігара чакаюць жонка і двухгадовая дачка.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?