Старая апазіцыя, на жаль, даўно была, як шашалем, паедзена гэтай метадычнай, каранямі ў СССР, працай, а вось новы пратэст — не, бо абсалютная большасць актывістаў прыйшла ў рух літаральна з вуліцы і была неапрацаваная. Але цяпер я хачу папярэдзіць малады беларускі пратэст і падзяліцца сваімі шматгадовымі назіраннямі: як нас будуць раз'ядаць знутры і ў якіх месцах мы ўсе мусім быць пільнымі.

Паколькі ў новых пратэстах практычна няма правакатараў і агентаў — а тыя, што ёсць, добра вядомыя старым пратэстоўцам і таму трымаюцца на ўзбочыне, — то адна з працоўных схем будзе такой.

Які-небудзь харошы і прастадушны чалавек распачне публічны крыжовы паход супраць кагосьці са знакавых фігур пратэсту. Ну там грошы альбо які-небудзь двухсэнсоўны ўчынак. У залежнасці ад медыйнасці гэтага харошага чалавека альбо адразу, альбо праз некаторы час пачнуць падцягвацца спецыфічныя каментатары (у ранейшых рэаліях — публіцысты альбо аратары) з простымі, кандовымі аргументамі кшталту: «усе яны проста пілуюць бабкі», «гэта ўсё заходняе/усходняе бабло», «яны проста дзеляць партфелі», «яны прыйдуць да ўлады і ўсіх прымусяць размаўляць па-беларуску» і гэтак далей. Адбудзецца пераход на асобы, найбольш слабыя з дыскутантаў — усе харошыя людзі, між іншым — пацягнуць гэтую аргументацыю па сваіх стужках. Іншыя харошыя людзі з «асадачкам у сэрцы» пачнуць высвятляць абставіны ў героя дыскурсу. Той не заўсёды ўцямна адкажа — з розных, часцей за ўсё не злачынных прычын. І пайшло-паехала. Давер зруйнаваны, сумневы пасеяныя, людзі перасвараныя. І ўсё сваімі рукамі.

Я не думаю, што цяпер час і арганізоўваць, і весціся на любыя бульбасрачы ўнутры пратэснага руху. Пасля перамогі ўсё гэта будзе не позна зрабіць. У любым выпадку цяпер няма магчымасці ані разабрацца, ані атрымаць доказы, ані сабраць інфу. Усе пытанні паміж сабой варта высвятляць непублічна.

Наша моц — у адзінстве, і рэжым гэта добра ведае. Адзінства, што б ні было. Іначай будзе як тады. Некалькі хваляў пратэсных рухаў былі раз'едзены ўшчэнт менавіта такім чынам», — перасцерагае Ганна Севярынец.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?