«Мяне затрымалі 31 снежня ў 23:45, — згадвае Павел. — А затрымалі мяне, бо я з маці гуляў па пустынным скверы за «Рыгай», па вуліцы Усходняй. Мне прыпісалі адзіночны пікет са сцягам — якога ў мяне нават не было, яго адабралі сілавікі ў маёй мамы.

Пасля затрымання мяне адвезлі ў Савецкі РАУС. Там я сустрэў Новы год, заначаваў у камеры, раніцай 1 студзеня адправілі мяне на Акрэсціна». 

2 студзеня Паўла судзілі.

«На судзе я казаў, што мне патрэбны абаронца. Суддзя зрабіла перапынак, а пасля сказала: вам самастойна трэба знайсці адваката, заключыць дамову і прыйсці 4 студзеня ў Савецкі суд. Я думаў, мяне адпусцяць, каб я знайшоў адваката, але ж не.

Я застаўся на Акрэсціна, і 4 студзеня быў новы суд. Я папрасіў зноў абаронцу — на судзе прысутнічала мая маці са знаёмай адвакаткай. Я хацеў адразу заключыць дамову з той адвакаткай, тады суддзя зрабіла перапынак, пасля якога перанеслі пасяджэнне на 5 студзеня.

На гэтым пасяджэнні мяне ўжо абараняў адвакат, але ж я ўсё роўна атрымаў 12 сутак па першым пратаколе. Затое другі — па 23.4 — адправілі на дапрацоўку», — расказвае Павел.

Увесь тэрмін ён правёў на Акрэсціна.

12 сутак скончыліся ўначы 12 студзеня. Але ж Паўла Багінскага на волю не выпусцілі.

«Гадзіны за 2 я ў дзяжурнага спытаў: па прысудзе мой тэрмін заканчваецца сёння, мяне адпусцяць?

Адказ быў з кпінамі: «А што, раніцай не маглі спытаць? Як павінна быць, так і будзе».

Але мяне ніхто не адпусціў. Назіралі за мною: кожныя хвілін 15 зазіралі праз акенца, часцей, чым звычайна. Чаму не адпускаюць, мне ніхто не тлумачыў.

Раніцай была праверка, я зноў спытаў: калі мяне адпусцяць? Нагадаў, што 12 сутак скончыліся яшчэ ўчора.

Адказ быў такі: калі не адпускаюць, значыць, суткі яшчэ не скончыліся.

У выніку ў 2 гадзіны мяне ўсё ж раптоўна выпусцілі. Перасядзеў я 14 гадзін. Чаму — не ведаю», — кажа Багінскі.

На ўмовы ён не скардзіцца, кажа, было прымальна.

«Ціску, можна сказаць, таксама не было: хіба грубасць, кпіны з боку супрацоўнікаў».

Цяпер Павел ужо дома. Адпачне і будзе шукаць працу: раней ён працаваў на будоўлі, аб’ект здалі. Цяпер Павел падпрацоўвае рамонтам бытавой тэхнікі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?