Ірына да Калядаў вырашыла ўпрыгожыць сваё вакно бел-чырвона-белымі сьняжынкамі.

«Сьцяг мы не вывешвалі, бо раптам што. Падумалі, што сьняжынкі — гэта не забаронена. Хацелі такім чынам выказаць сваю пазыцыю, каб бачылі суседзі і людзі, якія праходзяць поруч, каб бачылі, што нас шмат. У нас на суседніх вокнах аркушы паперы вісяць, але нашы сьняжынкі не спадабаліся найбольш», — расказвае Ірына.

«Ноччу ў вакно кінулі гайкі»

За сьняжынкі ў вакно Ірыны ўначы прыляцелі гайкі, вакно разьбітае.

«Гэта было а палове на трэцюю ночы. Мы спалі ў пакоі, калі прыляцелі дзьве гайкі. Мы выклікалі міліцыю. У міліцыі адразу ўдакладнілі, ці вісела ў вакне «незарэгістраваная сымболіка»», — прыгадвае Ірына.

Гаспадары кватэры ацанілі шкоду ад дзеяньняў невядомых у 270 рублёў.

«Сфатаграфавалі ўсю кватэру»

У міліцыі не палічылі патрэбным шукаць тых, хто кідаў у вакно гайкі. У адказе з Маскоўскага РУУСа паведамілі, што «асобы выказалі нязгоду з разьмяшчэньнем у вакне вобразу бел-чырвона-белага сьцяга». Калі прыехалі, адфатаграфавалі ўсю кватэру.

«У ходзе праверкі орган крымінальнага перасьледу прыходзіць да высновы, што ў цяперашні час, у сувязі з палітычнымі падзеямі ў краіне, сярод асобаў зь ліку грамадзянскай супольнасьці, маюцца асобы, якія нэгатыўна ставяцца да бел-чырвона-белай сымболікі», — гаворыцца ў адказе зь міліцыі.

Ірына чакала падобнага, але не чакала, што справу нават ня будуць заводзіць.

«Мы зразумелі, што далей дамагацца справядлівасьці бессэнсоўна. Мы разьлічвалі, што шукаць гэтых людзей ня будуць, але не чакалі, што праверка скончыцца так хутка, што справу нават не завядуць», — кажа Ірына.

Сьняжынкі правіселі два дні, шыбы пабілі ў ноч на Каляды. Ужо праз 5 дзён у міліцыі вырашылі, што ніякага складу злачынства ў тым, што адбылося, няма. Пазьней Ірына атрымала запісы з камэр відэаназіраньня на доме, і там бачна, што гайкі ў вакно кідала група людзей у масках.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?