Двое братоў — Леанід і Сяргей Гудковы — жылі ў Негаўлі ў адным доме. Жонак не мелі, іншыя сваякі раз’ехаліся: хто ў Кіраўск, хто ў Бабруйск, а хто ў Маскву. Старэйшы Леанід працаваў скотнікам, але некалькі месяцаў таму яго звольнілі — па словах мясцовых, ён проста перастаў прыходзіць на працу.

Малодшы, 56-гадовы Сяргей, былы афганец, таксама нідзе не працаваў. Жылі браты падпрацоўкамі: пасвілі жывёлу, секлі дровы суседзям, дапамагалі капаць бульбу.

«Выпівалі, канечне. Часам сварыліся, але нейкіх сур’ёзных канфліктаў, здаецца, паміж імі ніколі не было», — расказваюць у вёсцы.

Перад Новым годам у Негаўлю прыехала пляменніца Гудковых са сваім мужам Дзянісам. Жанчына жыла ў Расіі, але набыла дом у роднай вёсцы, яго выкарыстоўвалі як лецішча.

У гэты раз пара прыехала ў вёску сустракаць Новы год. У першыя дні студзеня яны вярнуліся ў Расію. А літаральна праз пару дзён Сяргей Гудкоў знайшоў у сваім доме труп брата, які, кажуць, ляжаў проста ў ложку. 

«Сяргей хадзіў па вёсцы, казаў: у мяне ў хаце труп, трэба выклікаць хуткую і міліцыю», — згадваюць мясцовыя жыхары. 

Міліцыя прыехала. На трупе Леаніда Гудкова знайшлі цялесныя пашкоджанні.

У вёсцы расказваюць, што нібыта спачатку Сяргей Гудкоў хацеў абвінаваціць у забойстве мужа сваёй пляменніцы, які на той момант быў ужо ў Маскве. 

Але ж з Дзянісам звязаўся адзін з суседзяў Гудковых. Той расказаў, што здарылася, і нават перадаў міліцыі відэа са свайго мабільнага. 

«Наша Ніва» таксама пагаварыла з Дзянісам.

«Гудковы вялі антысацыяльны лад жыцця, пілі, нідзе не працавалі. Грошай не мелі, жыць не было за што. І адзін з братоў вырашыў адсекчы другому нагу. Каб адзін атрымліваў пенсію па інваліднасці, а другі — грошы за апякунства і дагляд інваліда, — кажа Дзяніс. — 

Усё здарылася 30 снежня. Я прыйшоў да Гудковых, прывёз ім прадукты з Масквы.

Сам я не п’ю, зусім. Мы пасядзелі, яны выпілі і пачалі высвятляць адносіны паміж сабою. 

Сяргей узяў сякеру і вырашыў адсекчы брату нагу. Леанід супраціўляўся, крычаў: не трэба, не бі! Сяргей казаў: цярпі, адсяку — будзем пенсію атрымліваць! 

Я спачатку выйшаў на вуліцу, але пасля вярнуўся. Сяргей ужо пачаў біць сякерай брата — я яго спыніў. Прапанаваў выклікаць хуткую, але адказ быў: мы самі разбяромся.

Гэты Сяргей мае пяць, здаецца, судзімасцяў, палову жыцця правёў за кратамі. Ён мне прыгразіў: выклічаш каго — я табе хату спалю ўначы, а ўсё гэта на цябе звалю.

Ну я спужаўся трохі, сышоў, нікуды і нікому не званіў. 

31 снежня мы былі ў суседзяў, сустракалі Новы год. Пасля я заходзіў да Гудковых, здаецца, у суботу, 2 студзеня. Леанід быў жывы, казаў, што нага баліць і што нібыта збіраецца ў панядзелак у бальніцу.

У панядзелак, 4 студзеня, я з’ехаў у Маскву. А на наступны дзень стала вядома, што Леанід памёр».

Дзяніс кажа, што частку канфлікту паміж братамі паспеў зняць на відэа, запіс ужо перадаў беларускай міліцыі.

«Зняў літаральна 5 секунд — ужо аддаў следчым. Я даў усе тлумачэнні, застаюся на сувязі з міліцыяй. Калі будзе патрэбна, то мяне дапытаюць тут, у Маскве, ці я гатовы прыехаць у Беларусь», — кажа Дзяніс.

Пасля смерці Леаніда завялі крымінальную справу. Сяргей падазраваны, знаходзіцца пад вартай. Яго ўжо прывозілі ў Негаўлю на следчы эксперымент.

Леаніда Гудкова пахавалі 8 студзеня.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?