Фота Depositphotos.com

Фота Depositphotos.com

Сусветная арганізацыя аховы здароўя правярае, ці насамрэч магчыма заразіцца на каранавірус праз замарожаныя прадукты. Такую тэорыю спрабуе распаўсюдзіць Кітай, а ЗША і краіны ЕС выступаюць супраць дадатковых праверак сваіх тавараў, паведамляе амерыканскае выданне The Wall Street Journal.

Пекін звязвае нядаўнія ўспышкі кавіду з замарожанымі прадуктамі. Менавіта таму краіна ўвяла абавязковыя тэсты і дэзынфекцыю замежных тавараў. Кітай сцвярджае, што сляды віруса знайшлі на ўпакоўках амерыканскай свініны, саудаўскіх крэветак і бразільскай ялавічыны. У той жа час ЗША і краіны ЕС аспрэчваюць доказы, прадастаўленыя навукоўцамі з Пекіна. Урады гэтых краін рыхтуюць сумесны ліст Пекіну, дзе пераконваюць, што такія абмежаванні нематываваныя і няма рызыкі распаўсюджвання кавіду праз халодны ланцуг.

Кітай ужо патрабаваў у замежных пастаўшчыкоў дазвол на відэаздымку іх аб’ектаў. Некаторыя партыі тавараў сапсаваліся, пакуль праходзілі тэсты на мытні і дэзынфекцыю. Частка кампаній адмовілася ад экспарту ў Кітай, бо лічыць такія патрабаванні неэфектыўнымі.

З красавіка 2020 года пандэмію ў Кітаі ўдалося ўзяць пад кантроль, але ў апошнія тыдні пачалі з’яўляцца сотні новых выпадкаў захворвання. Урад Кітая абвінавачвае ў гэтым галоўным чынам імпартныя прадукты і людзей, якія вяртаюцца з-за мяжы.

Фэн Цзыцзянь, намеснік кіраўніка Кітайскага цэнтра па кантролі і прафілактыцы захворванняў, у сераду заявіў, што жывы вірус знайшлі на ўпакоўках прадуктаў халоднага ланцуга, а таксама на некаторых неастуджаных прадуктах. «Гэта даказвае, што чалавек можа заразіцца праз жывыя вірусы на паверхні», — сцвярджае ён.

На вэб-сайце СААЗ гаворыцца, што вірус можа выжываць на такіх паверхнях, як кардон, пластык і метал. Але дэзынфекцыя ўпаковачных матэрыялаў пазначаецца як непатрэбная, бо на сёння няма доказаў, што вірусам, які апынуўся на ўпакоўцы і правёў там доўгі час, можна заразіцца. Прадстаўнікі СААЗ зрабілі запыт на звесткі, атрыманыя ў Кітаі наконт каранавіруса на замарожаных прадуктах, але адказ пакуль не атрымалі.

Некаторыя эксперты сцвярджаюць, што адрозненні ў трактоўцы доказаў адлюстроўваюць супрацьлеглыя падыходы да пандэміі паміж Кітаем і краінамі Захаду. Іншыя эксперты перакананыя, што спрэчку выклікалі палітычныя і эканамічныя матывы.

Доктар Балер паведамляе, што каманда з Оксфардскага ўніверсітэта ацэньвала прыкладна 60 даследаванняў на тэму заражэння каранавірусам праз паверхні і не знайшла ніводнага доказу таму, што можна заразіцца такім чынам.

Аднак кітайскія навукоўцы сцвярджаюць, што вірус распаўсюджваецца праз халодны ланцуг з моманту ўспышкі ў чэрвені, звязанай з імпартам ласося.

Тым не менш урад Кітая абнародаваў толькі адзін выпадак, калі жывы вірус знайшлі на замарожаных таварах. Гэта была партыя імпартнай траскі, якая, па словах урада, выклікала ўспышку ў горадзе Цындаа ў кастрычніку.

Ва ўсіх астатніх выпадках кітайскія даследчыкі знайшлі толькі сляды генетычнага матэрыялу віруса з дапамогай палімеразнай ланцуговай рэакцыі, праз якую немагчыма выявіць, ці заразны такі вірус.

Навукоўцы з іншых краін, якія вывучаюць верагоднасць заражэння праз паверхню, сцвярджаюць, што праз замарожаныя прадукты перадача віруса малаверагодная. Колькасць жыццяздольнага віруса змяншаецца ў 10 разоў пасля замарожвання і размарожвання, паведамляе Вінсэнт Мюнстэр, вірусны эколаг з Нацыянальнага інстытута алергіі і інфекцыйных захворванняў ЗША.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0