Справу разглядаў суддзя Аляксандр Ярмолік. Ён прысудзіў Кацярыне Салевіч адзін год абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатняя хімія»). Салевіч таксама абавязана выплаціць «пацярпеламу» 1000 рублёў маральнай кампенсацыі, а таксама 87 рублёў дзяржпошліны, піша spring.96.org

Кацярыну Салевіч вінавацілі ў тым, што 25 жніўня яна наўмысна публічна абразіла прадстаўніка ўлады ў тэлеграм-канале «Слонім для жыцця». Пацярпелым прызнаны міліцыянт АМАП ГУУС Мінгарвыканкама старшы сяржант міліцыі Сяргей Асколкаў, фатаграфію і асабістую інфармацыю якога яна рэпоснула. Паводле матэрыялаў следства, пад рэпостам дзяўчына размясціла паведамленне «з тэкстам абразлівага зместу, якія прыніжае гонар і годнасць Асколкава».

У матэрыялах таксама пазначана, што эксперт аддзела лінгвістычных экспертыз УГСКЭ РБ па Гродзенскай вобласці прызнаў адно са слоў у паведамленні «грубым, вульгарным, абразлівым».

21 снежня пацярпелы Сяргей Асколкаў не з'явіўся ў суд праз хваробу: разгляд справы быў адкладзены да яго выздараўлення.

22 студзеня працэс прадоўжыўся. Сяржант Асколкаў хадайнічаў, каб суд быў закрытым, бо ён баіцца разгалашэння асабістых дадзеных. Але суд гэтае хадайніцтва адхіліў. Раней паміж сабой Салевіч і Асколкаў знаёмыя не былі. Салевіч, як адміністратар тэлеграм-каналу «Слоним для жизни» пакінула ў адным з сваіх допісаў характарыстыку прадстаўніку ОМОН, з чаго і ўзнікла справа. Салевіч не адмаўляла, што яна зрабіла такі запіс у сацсетцы, падпісаўшы яго нікам «Парацэтамол». У гэтай частцы яна прызнала сваю віну. Але яна не лічыць, што нейкім чынам распаўсюдзіла асабістыя звесткі міліцыянта.

Сяргей Асколкаў на працэсе заявіў, што ён і яго родныя перацярпелі значныя маральныя пакуты і заявіў пазоў кампенсацыі на 3000 рублёў. Гэтыя грошы ён абяцаў перавесці на рахунак «Дома малюткі». 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0