Фота Depositphotos.com
Эрмітаж заклікаюць закрыць выставу Фабержэ, якая складаецца ў тым ліку з асабістай калекцыі мільярдэра Аляксандра Іванова, пасля таго, як вядомы эксперт Андрэй Ружнікаў заявіў пра наяўнасць у калекцыі шматлікіх падробак, піша The Guardian.
У лісце арт-дылер Андрэй Ружнікаў абвінаваціў дырэктара Эрмітажа ў падрыве аўтарытэту музея пасля арганізацыі выставы «Фабержэ: ювелір імператарскага двара», якая мусіць доўжыцца да 14 сакавіка.
Ружнікаў пераконвае, што ў выставе не менш за 20 падробак, таму выставу, якая з’яўляецца першай вялікай падзеяй датычна Фабержэ ў Санкт-Пецярбургу з 1993 года, трэба неадкладна закрыць. «Я хачу, каб гэтая ганьба скончылася. Я хачу, каб выставу закрылі і забыліся пра яе. Нельга так ганьбіць Эрмітаж», — сцвярджае ён.
Эрмітаж і Аляксандр Іваноў абвяргаюць гэтыя прэтэнзіі. Мільярдэр прадастаўляе дакументы, што пацвярджаюць сапраўднасць экспанатаў, якія Эрмітаж прывёз з Музея Фабержэ ў Бадэн-Бадэне, заснаванага Аляксандрам Івановым у 2009 годзе.
У цэнтр спрэчкі трапіла «Юбілейнае яйка», якое быццам Мікалай II падарыў імператрыцы Аляксандры Фёдараўне на 10-ю гадавіну іх вяселля ў 1904 годзе.
Цікавасць расіян да творчасці Карла Фабержэ, ювеліра з Санкт-Пецярбурга, чыя майстэрня афіцыйна пастаўляла каштоўнасці ў імператарскі двор з 1885 да 1917 года, у апошнія гады значна вырасла. Пасярэднікам паміж калекцыянерамі і экспанатамі Фабержэ выступае расійскі мільярдэр Аляксандр Іваноў, які стаў вядомы ў Еўропе пасля гучнага набыцця ювелірных каштоўнасцяў.