Фота Depositphotos.com

Фота Depositphotos.com

На працягу некалькіх тыдняў у самым прэстыжным універсітэце Турцыі працягваюцца пратэсты. Кожны дзень выкладчыкі выходзяць на галоўны дворык, паварочваюцца спінай да кабінета рэктара і маўкліва выказваюць пратэст супраць яго прызначэння, паведамляе The New York Times.

Традыцыйна ўніверсітэт самастойна абірае рэктара са сваіх колаў. Але на гэты раз новы рэктар быў прызначаны прэзідэнтам. Такім чынам Эрдаган спрабуе ўсталяваць кантроль над адной з галоўных адукацыйных устаноў Турцыі.

Басфорскі ўніверсітэт — адзін з найлепшых універсітэтаў Турцыі, размешчаны на еўрапейскім баку праліва Басфор у Стамбуле. Калісьці ён быў часткай амерыканскага каледжа, заснаванага Крыстаферам Робертам у 1863 годзе. Універсітэт вядомы сваёй ліберальнай культурай.

Універсітэт ужо даўно прыцягваў увагу Эрдагана і яго кансерватыўных прыхільнікаў, якія асуджаюць ліберальныя погляды ўстановы.

Прызначэнне бізнэсоўца з колаў прэзідэнта Меліха Булу на пост рэктара было расцэненае як яшчэ адзін крок распаўсюджвання ўплыву Эрдагана на ўсе аспекты сацыяльнага і культурнага жыцця Турцыі.

Эрдаган атрымаў шырокія паўнамоцтвы пасля спробы дзяржаўнага перавароту ў 2016 годзе, які скончыўся правалам. Ва ўмовах надзвычайнага становішча ён распачаў жорсткія рэпрэсіўныя меры ў адносінах да сваіх апанентаў. Пацярпелі і тыя, хто не меў ніякага дачынення да замовы перавароту, у тым ліку журналісты, палітыкі і праваахоўнікі.

У 2016 годзе прэзідэнцкім указам Эрдаган заявіў аб сваім праве прызначаць рэктараў універсітэтаў.

Меліх Булу быў прызначаны 1 студзеня. На працягу некалькіх дзён сотні студэнтаў выходзілі на пратэст, а некаторыя сутыкнуліся з паліцыяй. Як мінімум 30 студэнтаў затрымалі з пачатку пратэстаў. У адказ на гэта студэнты пачалі выкарыстоўваць іншыя формы пратэсту. Яны ствараюць карыкатуры, арганізоўваюць выставы і спяваюць песні ў кампусе.

Спачатку новы рэктар спрабаваў стасавацца са студэнтамі, размаўляў з імі ў кампусе, але пратэсты ўсё роўна працягваліся, у выніку чаго Меліх Булу ўзмацніў меры бяспекі вакол свайго кабінета.

Навукоўцы ўзнялі пытанне наконт кваліфікацыі новага рэктара. Яго навуковыя артыкулы і дысертацыі абвінавацілі ў плагіяце, на што Меліх Булу адказаў журналістам, што проста забыўся паставіць двукоссе ў некаторых месцах.

У панядзелак пратэстоўцы пачалі заклікаць прафсаюзы і палітычныя партыі далучыцца да масавых пратэстаў, але паліцыя перакрыла галоўны ўваход у кампус і затрымала дзясяткі студэнтаў пасля патрабавання разысціся.

Студэнты Басфорскага ўніверсітэта настойваюць на тым, што будуць працягваць пратэст, пакуль прызначэнне не адменяць або Меліх Булу не сыдзе ў адстаўку.

Па словах пратэстоўцаў, студэнты не выступаюць супраць самога Меліха Булу, яны выступаюць супраць таго, як ён заняў гэты пост. Пратэстоўцы параўноўваюць яго прызначэнне з выпадкамі замены больш за 100 мэраў за апошнія гады, месца якіх занялі дзяржаўныя прызначэнцы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0