Нагадаем, у жніўні, падчас пратэстаў на вуліцы Прытыцкага ў Мінску, група хлопцаў захапіла МАЗ тэхдапамогі і блакавала ім дарогу. Затрымалі толькі аднаго чалавека, які мае дачыненне да здарэння, — 28-гадовага Дзмітрыя Дубкова, хоць асобы некаторых іншых удзельнікаў былі добра бачныя. Яго абвінавачваюць па двух артыкулах КК. Таксама пазоў на суму каля 22 тысяч рублёў за прастой грамадскага транспарту яму выставіла ДП «Мінсктранс». Абвінавачаны віну прызнаў часткова, з пазовам не пагадзіўся. Пацярпелыя прэтэнзій да яго не маюць.

Дзяржабвінаваўца запрасіла для абвінавачанага пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на сем гадоў з адбываннем тэрміну ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Таксама хлопец павінен задаволіць пазоў ДП «Мінсктранс» у поўным аб'ёме (нагадаем, гэта амаль 22 тысячы рублёў).

Сёння Дзмітрыю Дубкову далі апошняе слова, пацярпелыя на пасяджэнне не прыйшлі. А пасля абеду хлопцу абвясцілі прысуд.

Дубкоў заявіў, што непасрэднага намеру на неправамернае завалоданне аўтамабілем, паездкі на ім без мэты крадзяжу ў яго не было.

Абвінавачаны лічыць, што яго дзеянні ў тую ноч можна кваліфікаваць па артыкулах КаАП Беларусі: 23.34 (Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў) і часткова 18.1 (Наўмыснае блакаванне транспартных камунікацый).

— Тое, што мне залічвае дзяржабвінаваўца і спрабавала «ўсунуць» папярэдняе следства, недапушчальна ў прававой дзяржаве. Па сутнасці, мяне паўгода трымаюць у палоне. Пасля гэтага запытваць сем гадоў, за што, прабачце? Так, я не згодны з вынікамі выбараў. Лічу, што наша дзяржава дзейнічае ў інтарэсах адной канкрэтнай асобы. Не выконвае Канстытуцыю і гарантаваныя правы. І пагаджацца з гэтым неразумна. Я не разумею, чаму падобнае адбываецца…

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?