У сетцы шырацца сцвярджэнні пра затрыманне былога прэм'ер-міністра Сяргея Румаса. Наводзяць туману ні адказы жонкі: «Муж не дома», ні каментары КДБ: «Не можам пацвердзіць, не можам абвергнуць». 

«Наша Ніва» паспрабавала разабрацца ў сутнасці таго, што адбываецца.

Найперш, паводле нашай інфармацыі, Сяргей Румас на волі і знаходзіцца ў адной з заходніх краін, дзе жывуць яго старэйшыя сыны (адзін у Італіі, другі ў Брытаніі) — ён паехаў на дзень народзінаў і яшчэ не вяртаўся ў Беларусь. 

Адкуль тады могуць паўзці чуткі аб затрыманні? 

Як вядома «Нашай Ніве», учора шэраг банкіраў выклікалі ў Дэпартамент фінансавых расследаванняў. Пасля допытаў выйшлі на свабоду не ўсе.

Па непацверджанай пакуль інфармацыі, затрыманы былы старшыня праўлення Белінвестбанка Генадзь Сысоеў — блізкі сябра Румаса, разам яны ішлі і па працы, і па жыцці. Сысоеў некалі быў намеснікам Румаса ў Белаграпрамбанку, апошнім часам узначальваў праблемны «Барысаўдрэў».

Румас асабіста паручаўся за таго ў складаныя моманты жыцця, калі Сысоева знялі з пасады кіраўніка Белінвестбанка і ледзь не пасадзілі.

Выглядае, што прычынай лютаўскіх падзей стаў яшчэ адзін блізкі Румасу чалавек — бізнэсмен Ігар Чарняўскі. Ён кіраўнік і сузаснавальнік Тураўскага малочнага камбіната (Тураў — малая радзіма Румаса — «НН»). Гэты камбінат пабудавалі літаральна ў чыстым полі, першую прадукцыю — сыры — ён выпусціў у 2013-м.

Наколькі вядома «Нашай Ніве», сэнс прэтэнзій кантралёраў у тым, што прадпрыемства прыватнай формы ўласнасці з парай фізічных асобаў у якасці заснавальнікаў будавалася і паўставала за дзяржаўныя грошы — у тым ліку за грошы Белаграпрамбанка ў часы, калі ім кіраваў Румас.

«У Тураўскага камбіната было некалькі дзяржаўных крэдытораў, яго ўпісалі ў адпаведную дзяржпраграму «развіцця прыпяцкага Палесся». Не ведаю, ці быў ільготным працэнт карыстання крэдытам — імаверна, калі дзяржава раптам успомніла», — кажа абазнаная крыніца. 

Адметна, што на пачатак 2020 года гэты прыватны завод быў на мяжы банкруцтва, прытым што ў інвестыцыйны план закладаўся сямігадовы тэрмін акупляльнасці — акурат у 2020-м ён меўся пачаць прыносіць прыбытак. 

Скрыншот вынікаў аўдыта кампаніяй «РСМ Бел Аудыт»

Скрыншот вынікаў аўдыта кампаніяй «РСМ Бел Аудыт»

Гісторыя з выдачай дзяржкрэдытаў непаспяховаму заводу даўняя — ёй больш за 10 год. Але, як нам вядома, па ёй у тым ліку цяпер дапытваюць людзей.

Мабільны тэлефон Чарняўскага цяпер недаступны. Некалі гэты прадпрымальнік таксама быў уласнікам адной з найбольшых сетак крамаў — «Родная старонка». Бізнэсу прыйшоў канец пасля краху ўкраінскага акцыянера «Дэльта-банка» Мікалая Лагуна — партнёра Чарняўскага па «Роднай старонцы». 

Яшчэ адзін бок гэтага сюжэту — пытанні па выдадзеных крэдытах на дрэваапрацоўку. Але дакладнай інфармацыі пакуль няма, вядома толькі, што ў рамках гэтай гісторыі затрымліваліся, а магчыма, і цяпер застаюцца пад вартай два менеджары Банка развіцця. 

Ці ёсць тут палітычны складнік? Знаёмыя з сітуацыяй кажуць, што калі векапомнае фота сямейнай пары Румасаў на фоне пратэстаў і паўплывала на развіццё гісторыі, то толькі ўскосна — маўляў, яшчэ вясной 2020-га Дзяржкантроль пачынаў актыўна цікавіцца гісторыямі з малочным заводам і дрэваапрацоўкай.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?