Мінскі аўтамабільны завод прадставіў першы аўтобус МАЗ-203, укамплектаваны салонным ультрафіялетавым ачышчальнікам паветра. Пра гэта паведамілі ў прэс-службе прадпрыемства.

«Пакуль гэта эксперыментальны ўзор. Пасля паспяховага цыкла выпрабаванняў і абкаткі на прадпрыемствах «Мінсктранса» такая камплектацыя зможа стаць апцыйнай. Па жаданні заказчыка ачышчальнікам можна будзе абсталяваць салон любой адзінкі пасажырскай тэхнікі», — адзначылі ў прэс-службе.

Высокатэхналагічны прыбор спецыяльна для Мінскага аўтазавода распрацавала ЗАТ «Ультрамедтэх». Гэта беларуская кампанія больш як 20 гадоў вырабляе абсталяванне, заснаванае на выкарыстанні УФ-выпрамянення.

Партатыўны агрэгат, усталяваны ў МАЗ-203, знішчае вірусы, бактэрыі, змагаецца з непрыемнымі пахамі, алергенамі і дымам на плошчы 12 кв. м, не ствараючы пагрозы для жыцця і здароўя людзей.

Два незалежныя блокі прылады манціруюцца ў салоне аўтобуса без змен канструкцыі транспартнага сродку, без уплыву на яго эстэтычны выгляд і без дыскамфорту кіроўцу і пасажырам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0