8 лютага прайшло апошняе пасяджэнне па справе Вадзіма Гурмана. Маладзечанца прызналі вінаватым па двух крымінальных артыкулах: за актыўныя дзеянні, што груба парушаюць грамадскі парадак (артыкул 342) і за пагрозы забойствам міліцыянераў Маладзечанскага РАУС (артыкул 364). Суддзя Дубовік прызначыла пакаранне 3 гады і 6 месяцаў калоніі агульнага рэжыму. Столькі прасіў дзяржаўны абвінаваўца.

Таксама Гурман павінны выплаціць кампенсацыі маральнай шкоды чатыром пацярпелым міліцыянерам — Дзмітрыю Смаленскаму, Паўлу Сіняўскаму, Вадзіму Лазару і Аляксандру Цярэньцьеву па 500 рублёў кожнаму. Двое іншых пацярпелых міліцыянераў Маладзечанскага РАУС — Нехвядовіч і Радзько — не падавалі позвы аб кампенсацыі.

На мінулым тыдні Вадзім выступіў з апошнім словам.

«Прашу прыняць той факт, што я не хаваўся на плошчы за маскай. Я не хаваў свой твар, — сказаў ён. — Калі пачалося следства, цалкам прызнаў віну па артыкуле 342. Я не спрабаваў схавацца ад следства, і ў мяне не было адваката. Абаронца ў мяне з’явіўся, калі мне прад’явілі абвінавачванне па артыкуле 364.

У абвінавачванні кажацца, што я ўсё здзейсніў з помсты. Якая была помста, калі я раней іх не ведаў? Раней я быў судзімы, адбываў пакаранне ў калоніі для непаўналетніх, пасля мяне перавялі ў дарослую калонію. (…) Якая магла бы быць помста, калі помсціць мне няма за што? Побач з супрацоўнікамі стаялі мой аднакласнік і мой калега, з якім я ў дзяцінстве займаўся спортам. Тут прысутнічаюць мая маці і бацька, якія ведаюць бацькоў Сямёна Курца. Мы ўсё жыццё сябравалі, і пагражаць яго сям’і мне не трэба.

Прашу Высокі суд улічыць, што ў мяне хутка народзіцца двое дзяцей. Я павінны як бацька быць побач з імі, выхоўваць іх, гадаваць і дарыць сваю любоў. Мне вельмі складана аб гэтым казаць.

Я бачу практыку, знаходзячыся два месяцы ў турме ў Жодзіне, як людзі прыязджаюць і якія тэрміны ім даюць, улічваючы тое, прызнаюць ці не прызнаюць сваю віну. Я б радасцю прызнаў віну па артыкуле 364, ведаю, што гэта змякчыла б пакаранне. Я не хачу атрымаюць вялікі прысуд. Я быў без маскі, проста стаяў, не адмаўляюся, што там быў. Высокі суд, прашу аднесціся да мяне паблажліва і не караць строга.

Гурман звярнуўся да пацярпелых:

— Напэўна, зраблю няправільна, але працытую сваю фразу, якую сказаў тады на плошчы Леніна. У вас ёсць сем’і, як вы ў далейшым будзеце глядзець ім у вочы, калі збівалі людзей?

Я паўтаруся: як вы сёння вечарам, кожны з вас, супрацоўнікаў МУС, прыйдзеце да сваіх сем’яў? Ладна жонка, але дзіця запытаецца: «Тата, што ты зрабіў сёння на працы?» А вы адкажыце сумленна і праўду, што сёння вы пасадзілі невінаватага чалавека і разбурылі яго сям’ю? Думаю, ні адзін з вас не адкажа праўду».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0