Нядаўна здарыўся невялічкі «гістарычны скандал»: расійская амбасада пракаментавала пост Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі з нагоды дня народзінаў Тадэвуша Касцюшкі.

У сваім каментары амбасада ўсходняга суседа прывяла цытату з ліста Касцюшкі да Міхала Залескага (суседа і сябра амерыканскага генерала) за 1789 год.

«Прывучаць іх [русінаў] трэба да польскай мовы, няхай па-польску ўсе іх службы будуць. З часам польскі дух у іх увойдзе. За ворага будуць потым лічыць таго, хто б не ведаў нацыянальнай мовы».

Шах і мат. Касцюшка хацеў паланізаваць беларусаў. Відавочна, што ў расійскай амбасады асобнага гістарычнага аддзела няма і гэтая цытата не стала іх навуковым адкрыццём. Яе заўсёды ўстаўляюць да месца і не да месца ў інтэрнэт-дыскусіях, калі трэба даказаць недарэчным беларусам, што іх герой «ненастоящий»!

Але як гэта часта бывае з гістарычнымі цытатамі, вырванымі з тэксту і кантэксту, значыць гэтая фраза не зусім тое, што ўяўляецца нам у ХХІ ст., а поўны тэкст ліста надае зусім іншае значэнне цытаваным радкам. Пачнём з агульнага кантэксту.

Казімір Вайнякоўскі. Прыжыццёвы партрэт Тадэвуша Касцюшкі, дата невядомая.

Мовы асветніцтва

Ці хацеў Касцюшка, каб беларусы ведалі польскую мову? Канечне, хацеў. Бо Касцюшка быў патрыётам Рэчы Паспалітай, а польская мова была ў Рэчы Паспалітай афіцыйнай. Беларуская мова, як і ўкраінская і літоўская, яшчэ не выйшлі на палітычную арэну. Народы былой Рэчы Паспалітай яшчэ не раздзяліліся на асобныя нацыянальныя праекты, гэта адбудзецца ў ХІХ стагоддзі, у час так званай «Вясны народаў». Праціўнік Касцюшкі, Аляксандр Сувораў, таксама ж прыйшоў да нас з гарматамі не беларускія школы адкрываць, праўда?

У наш час (і ў нашым рэгіёне) заклікі да перавучвання моваў ўспрымаюцца як агрэсіўны/захопніцкі нацыяналізм і сустракаюць адпаведную рэакцыю. Але 225 гадоў назад усё было па-іншаму.

XVIII ст. — гэта эпоха Асветніцтва, час вялікіх навуковых адкрыццяў і агулам моцнага пашырэння чалавечых ведаў. У Еўропе тады адбываецца актыўная ўніфікацыя ўсяго, пачынаючы ад мераў даўжыні / вагі / часу і скончваючы ўвядзеннем рэгулярных армій. Дэні Дзідро ініцыюе напісанне «Энцыклапедыі», каб сабраць і раскласці па палічках усю вядомую чалавецтву інфармацыю.

Уніфікаваць веды на шматлікіх мовах было ў тыя часы вельмі складана (Вікпедыю яшчэ не прыдумалі), таму ў Еўропе паступова фарміруецца ідэя выбранасці моваў. Ёсць мова асветы і навукі — французская. Дзесьці блізка ангельская мова. Астатнія мовы, нават такія вялікія, як нямецкая ці італьянская, на той момант застаюцца мовамі «сярэдняга звяна» і ўспрымаюцца як «мовы для іншых мэтаў».

Акрамя таго, праходзіла выразная мяжа паміж мовамі пісьмовымі/дзяржаўнымі, на якіх «Энцыклапедыю» не напішаш, але хаця б белетрыстыку і календары можна выдаваць, і мовамі непісьмовымі, якія з гледзішча чалавека XVIII ст. увогуле не маюць ніякага статусу і каштоўнасці. Шматлікія вясковыя дыялекты, якія як вялізнае мора пераліваліся адзін у адзін ад края і да края кантынента, успрымаліся асветнікамі як перажытак старых эпох, які мала што значыць.

Інтэлектуалы сёння так не думаюць, але 225 гадоў таму мысленне было іншым.

Найбольш яркі тут прыклад — гэта Расійская Імперыя, магутная дзяржава з моцна адарванымі ад Еўропы культурнымі традыцыямі, дзе эліты ў той час пагалоўна перайшлі на мову французскую і не задумваліся пра развіццё сваёй мовы, дзяржаўнай, расійскай, да ўзроўню «моваў асветы». Спатрэбіцца Напалеон, геній Пушкіна і ўплыў «Вясны народаў», каб адбыўся пералом.

Для чалавека канца XVIII ст. значна лагічнейшай выглядала прапанова навучыць усіх французскай мове, каб людзі маглі прачытаць усе тамы «Энцыклапедыі», чым ідэя перакласці гэтую энцыклапедыю на родную мову; яны папросту лічылі мясцовыя мовы недастаткова развітымі, непрыдатнымі для гэтага, нават калі гаворка была пра мовы з такой каласальнай культурнай спадчынай, як беларуская са Статутамі ВКЛ і векавым фальклорам, ці расійскай дапушкінскай эпохі.

Таму Тадэвуш Касцюшка як рэспубліканец па перакананнях і чалавек, які ўсё сваё жыццё марыў і дбаў пра паляпшэнне жыцця простага люду і ўключэння яго ў актыўную грамадскую дзейнасць, хацеў, каб беларускія і ўкраінскія сяляне вывучылі польскую мову — мову пісьмовую, развітую, дзяржаўную, якая ў той час мела прэтэнзіі на тое, каб увайсці ў «вялікія мовы» Еўропы. І ў гэтым не было ніякага польскага нацыяналізму ў тым яго сэнсе, які гэтае паняцце атрымала ў ХХ стагоддзі. Гэта быў натуральны патрыятызм грамадзяніна Рэчы Паспалітай.

Але гэта яшчэ не ўсё. Ёсць у гэтай гісторыі яшчэ і канкрэтыка.

Помнік Тадэвушу Касцюшку ў Акадэміі Вест-Пойнт, ЗША. Фота: Wikimedia commons.

Помнік Тадэвушу Касцюшку ў Акадэміі Вест-Пойнт, ЗША. Фота: Wikimedia commons.

Фанатызм і асвета

Па-першае, у арыгінальным тэксте слова [русінаў] няма. Пра гэта нескладана здагадацца па квадратных дужках. І гэта мусіла б заахвоціць прадстаўнікоў расійскай амбасады пашукаць поўны тэкст ліста, каб праверыць пра што там вядзецца.

У гэтым абзацы Касцюшка піша аб праваслаўных Рэчы Паспалітай, а калі згадвае русінаў (адзін раз у лісце), то мае на ўвазе жыхароў Украіны (сялян сваёй радзімы ён хутчэй бы назваў літвінамі). І ў Андрэя Тадэвуша Банавентуры былі сур’ёзныя прычыны, каб пісаць пра іх у 1789 годзе.

Увесну 1789 года ў Варшаве панавалі настроі, блізкія да панічных. Звязаныя яны былі з чуткамі, што ва Украіне хутка пачнецца сялянскі бунт.

На той момант ужо паўгода як ішоў Вялікі Сойм. На ім упершыню за доўгі час было адменена ліберум вета і апазіцыя мела колькасную перавагу. Карыстаючыся гэтым, паслы актыўна прымалі адну за адной сур’ёзныя рэформы. Звычайна такую дзейнасць усяляк тармазілі расійскія сілы ў Рэчы Паспалітай, але канкрэтна ў гэты час Кацярына ІІ увязалася ў вайну з Турцыяй і не магла ўплываць на сітуацыю. Такі расклад вельмі радаваў і бадзёрыў паслоў, але ў той жа час ствараў нездаровую нервознасць.

Менавіта на хвалі гэтых «эмацыйных арэляў» па Варшаве папаўзлі чуткі, што праваслаўныя святары ў цэрквах падбухторваюць сялян падымаць бунт супраць уладаў, скарыстаўшыся тым, што праз Украіну будуць праходзіць расійскія войскі. На вуліцах расказвалі, што нібыта ў падзямеллях некаторых цэркваў былі знойдзеныя арсеналы са зброяй, а папам раздадзеныя інструкцыі аб пачатку бунту.

У страху вялікія вочы. Ці вёў Пецярбург такую падрыўную дзейнасць на землях Рэчы Паспалітай, невядома. У гісторыкаў ёсць аргументы і за і супраць. Тут галоўнае адзначыць, што ў маі 1789 года у Варшаве настрой быў вельмі напружаны.

Каб неяк разабрацца з гэтай сітуацыяй, пры сойме была створаная дэпутацыя «Do ekzaminowania sprawy o bunty oskarżonych» (Для разгляду справы аб абвінавачаных у бунтах.) І якраз у гэту дэпутацыю уваходзіў Міхал Залескі, да якога пісаў лісты Тадэвуш Касцюшка.

Вось жа, калі прачытаць гэты ліст цалкам, а не выдранымі кавалкамі, то ў ім герой Амерыкі ў чарговы раз выяўляецца максімальна гуманістычным чалавекам, а не злобным польскім нацыяналістам, як гэта бачыцца расійскім дыпламатам.

На той момант шматлікія гарачыя голавы ў Варшаве (а такія ёсць у любой сітуацыі) патрабавалі адправіць ва Украіну вялікія войскі, каб падавіць бунт у зародку і паказаць халопам-схізматыкам, хто ў доме гаспадар.

А вось што піша Касцюшка:

«Фанатызм, які паходзіць з неінфармаванасці (niewiadomości), заўсёды прыводзіць да найжахлівейшых вынікаў. Вызваленне ад неінфармаванасці — гэта доўгая дарога. Патрэбныя стагоддзі, каб адукаваць (oświecić) людзей, а яшчэ цяжэй зрабіць гэта ў нас, дзе людзі дыхаюць толькі па волі сваіх гаспадароў, не маюць ніякіх правоў і нават пераехаць у іншае месца ім забаронена…

Каб паменшыць фанатызм, ёсць карацейшы спосаб, найбольш дакладны і лагодны, — злучыць усе іх святы з нашымі, адзін хай будзе каляндар. Пастарацца, каб папы службу маглі правіць па-польску».

І вось далей ідзе фраза пра прывучэнне да польскай мовы і пра дух польскі.

Калі пачытаць ліст цалкам, то бачна, што Касцюшка не прагне культурнага апалячвання русінаў у нашым цяперашнім разуменні, і, у адрозненне ад сваіх радыкальных сучаснікаў, ён выступае супраць жорсткага ўгамавання ўкраінскіх сялян. Касцюшка кажа пра асвету і наданне большых свабод для сялянаў іншай веры, каб тыя пазбавіліся фанатызму і сталі прыстойнымі грамадзянамі той дзяржавы, якой Касцюшка верна служыў.

Будучы кіраўнік паўстання клапоціцца пра палітычны спакой у сваёй дзяржаве і, як чалавек свайго часу, эпохі Асветніцтва, лічыць, што зрабіць гэта можа праз уніфікацыю, праз пераадоленне непатрэбных рознасцяў, у дадзенай сітуацыі — аб’яднанне календароў, каб разам святкаваць рэлігійныя святы, і праз навучанне польскай мове, каб сялянства магло разумець палітыку сваёй дзяржавы.

Фраза пра «ворагаў» звязаная з напружаным настроем, які панаваў тады ў грамадстве, якое чакала сялянскага бунту і памятала нядаўнія крывавыя падзеі Гайдамацкага паўстання 1768 года.

Усё сваё жыццё Тадэвуш Касцюшка змагаўся за тое, каб просты люд атрымаў палітычныя правы. Ён пра гэта шмат пісаў, гаварыў, выдаваў універсалы і праліваў кроў на двух кантынентах. Фраза пра «польскі дух» — яна не пра нацыянальнае, а пра рэспубліканскае, проста выказаная чалавекам эпох Асветніцтва і таму незразумелая нам, беларусам ХХІ стагоддзя.

Палаца, які стаіць на гары, у часы дзяцінства Касцюшкі не было. Яго збудаваў багаты прадпрымальнік Вандалін Пуслоўскі ў XIX стагоддзі. Месца ён выбраў не выпадкова — хацеў быць побач з Касцюшкавай Мерачоўшчынай.

Касцюшка — адзін з найбольш паслядоўных змагароў за вызваленне сялян у XVIII ст., не толькі ў Беларусі, ва ўсім свеце. Вось што ўнікальна ў ім. Ці варта гэта таго, каб называць ураджэнца Жабінкаўскага раёна Тадэвуша і нашым, беларускім героем, хай кожны рашае сам для сябе.

Вось што пісаў пра гэта ў «Нашай гісторыі» Андрэй Скурко: «Параза Касцюшкі, гібель Рэчы Паспалітай запусціла працэсы, вынікам якіх стала з’яўленне на яе абшарах новых нацый: беларускай, украінскай, літоўскай, польскай — са сваімі палітычнымі патрабаваннямі і прагай дзяржаўнага будаўніцтва. Наўрад ці гэта было б магчыма, каб палітычны паляк Касцюшка перамог. Ён лічыў, што асвета «русінаў» магчымая толькі тады, калі «польскі дух у іх увойдзе». Але лёс распарадзіўся іначай, а ХХ стагоддзе скарэктавала яго ідэі, паказаўшы, што поруч з сацыяльным ідзе і нацыянальнае вызваленне.

Але ўсё ж у Купалавым праграмным «Людзьмі звацца!» чуецца водгулле і Касцюшкавых універсалаў. І беларусам не варта аддаваць вялікага чалавека іншым народам. Ён герой і Амерыкі, і Францыі, і Польшчы, і наш», — падсумоўвае Андрэй Скурко

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0