З прагрэсіўнага, у палажэнні скараціліся тэрміны разгляду дакументаў: для часовай акрэдытацыі гэта 5 дзён, для пастаяннай — 30.
Але яны не выконваюцца. Многія замежныя выданні ў кастрычніку адразу падалі дакументы ў МЗС. Адказу — ні станоўчага, ні адмоўнага — няма дагэтуль.
Сітуацыю пракаментаваў прэс-сакратар МЗС Анатоль Глаз. Амаль 4-месячную затрымку ў ведамстве тлумачаць каранавірусам. Па словах Анатоля Глаза, апошнім часам камісіі, якая прымае рашэнне, не проста сабрацца на сваё пасяджэнне.
Колькі заявак на акрэдытацыю сёння чакаюць разгляду, у ведамстве адразу паведаміць не здолелі. Але адзначылі, што за гэты час камісія такі змагла выдаць каля 100 акрэдытацый.
Імаверна, ільвіную долю такіх акрэдытацый выдалі расійскім выданням кшталту Sputnik і РИА «Новости». Журналістаў гэтых выданняў улады апошнімі днямі ў прыярытэтным парадку пускаюць на судовыя працэсы, куды для іншых журналістаў чамусьці ўваход закрыты.