З'явіліся вынікі «апытання грамадскай думкі» да «Усебеларускага народнага сходу». Вынікі супярэчаць таму, што беларусы бачаць на ўласныя вочы, але затое прыемныя для ўладаў — гэта стыль працы праўладнага аналітычнага цэнтра Ecoom Сяргея Мусіенкі. 

Чытайце. Праўладныя сацыёлагі: Лукашэнку давяраюць 66,5% беларусаў

«Наша Ніва» папрасіла пракаментаваць гэтае апытанне Генадзя Коршунава, былога кіраўніка Інстытута сацыялогіі Акадэміі навук. 

Паводле замераў Інстытута сацыялогіі, увесну 2020 года ўзровень даверу да Лукашэнкі трымаўся 33,5% па Беларусі. І гэта яшчэ ў давыбарчы перыяд, яшчэ нават да пасадкі Віктара Бабарыкі.

Генадзь Коршунаў, фота БЕЛТА

Генадзь Коршунаў, фота БЕЛТА

«У мяне пакуль што шмат пытанняў да гэтага апытання: хто яго праводзіў? Як праводзіў? Якія былі пытанні? Хто на іх адказваў? Якая мэта? Якая сістэма задач? Якая сістэма гіпотэз? У прафесійнай сацыялагічнай супольнасці ніхто не бачыць адказаў», — кажа Коршунаў.

«Ну і навошта было апытваць 10 тысяч? Звычайна нават тысячы рэспандэнтаў дастаткова, калі мы робім сацыялогію па Беларусі. А дзесяць тысяч — гэта калі трэба атрымаць вельмі дэталёвую карціну па кожнай сацыяльна-дэмаграфічнай групе, па кожнай вобласці.

Апытваць 10 тысяч чалавек, як паказвае практыка, вельмі дорага і доўга — гэта месяцы працы, я такое рабіў. Калі яны зрабілі тое ж менш як за 4 тыдні — гэта нейкі неймаверны, феерычны сацыялагічны поспех. 

Пытанні да метадаў, як я чытаў — частку апытвалі па тэлефоне, частку фэйс-ту-фэйс. У чым сэнс пілатажа па тэлефоне? Гэта розныя метады.

Вельмі шмат супярэчнасцяў. 

Як я разумею, частку людзей апытвалі на прадпрыемствах. Гэта эканамічна актыўнае насельніцтва. Другі этап — проста выпадковае апытанне. Але як яно праводзілася? На вуліцах? Марозам? Па кватэрах пры кавідзе? Невядома. Але як злучыць гэтыя два блокі потым у адно? Вельмі цяжкая задача. 

Ну і шыкоўная ўсё ж сітуацыя з тэрмінамі. Нібыта 8 лютага быў скончаны збор інфармацыі, а 10 лютага ўжо паказалі даныя — гэта яны паспелі дзесяць тысяч шматстаронкавых адказаў унесці ў базу і давесці яе да працоўнага рэжыму за два дні? Феерычна!

З такой колькасцю рэспандэнтаў час на апрацоўку таксама істотны, ёсць паняцце «рамонту выбаркі», калі па нейкай групе ёсць частка няякасных адказаў. Гэта прафесійныя матэматычныя рэчы, якія патрабуюць часу і разлікаў. 

Зрэшты, мне так і не зразумела, хто гэтае апытанне рабіў. 

Я бачыў і Ecoom, і цэнтр Ротмана, і прадстаўнікоў нейкай «Украінскай палітыкі». Паглядзеў іх сайт, дарэчы, і так і не ўбачыў сведчанняў хоць нейкай датычнасці да сацыялогіі. Хто за што адказваў? Чыя інтэрв'юерская сетка? Вельмі шмат пытанняў. Адказаў няма, таму тое, што нам прэзентавалі, — проста нейкія лічбы», — сказаў Коршунаў. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?