— Ці слушна назваць «Кураж» беларускім фільмам?

— Я лічу, слушна: ён на сто адсоткаў зняты ў Беларусі, амаль на сто адсоткаў беларускай камандай. Толькі адзін з аператараў — немец Есэ Мазух, але асноўныя падзеі здымала наша Таня Гаўрыльчык (былая відэааператарка «Нашай Нівы» — «НН»). Гэта абсалютна беларускі фільм, але ў ім ні цэнта беларускіх грошай. Я змагаўся за тое, каб на Берлінале былі пазначаныя дзве краіны вытворчасці, але юрыдычна вытворчасць усё ж нямецкая.

— Пра што распавядае твой фільм?

— Пра трох мастакоў — у сэнсе, мастакоў паводле ўспрымання свету. Яны трымаюцца сваіх жыццёвых прынцыпаў і на ўласным досведзе ведаюць, чаго каштуе быць незалежным творцам у Беларусі. Мае героі — акцёр і музыка Дзяніс Тарасенка і акцёры «Свабоднага тэатра» Павел Гарадніцкі і Марына Якубовіч. Я здымаў іх з канца 2018 года, але з дваццаць шостай хвіліны ў фільме толькі жнівень.

— Наколькі падзеі ў Беларусі пасля выбараў перавярнулі ідэю карціны?

— Не магу сказаць, што яны абсалютна ўсё змянілі, але паўплывалі моцна. Жнівень даў фільму той самы нерв дакументалістыкі і дазволіў паставіць экзістэнцыйныя пытанні. Раней сказаць «беларускі незалежны мастак» можна было толькі чалавеку, які ведае наш кантэкст: ён адразу разумеў, пра што ідзе гаворка. Калі яшчэ да жніўня я паказваў свой саракахвілінны мантаж заходнееўрапейцам, яны не разумелі, у чым канфлікт фільма: героі выглядаюць як хіпстары з Кройцбергу ў Берліне, файна апранутыя, рэпетуюць у лофце, ставяць сацыяльна-крытычныя п'есы — усё супер. Людзі не разумелі, чаго ўсё гэта каштуе ў беларускіх абставінах. А пасля падзей жніўня жыццё і спектаклі маіх герояў сталі ўспрымацца зусім па-іншаму, тут ужо паўстала пытанне ледзь не выжывання.

Кадр з фільма «Кураж»

Кадр з фільма «Кураж»

— Раскажы пра акалічнасці здымак у самыя гарачыя дні.

— Я здымаў 9 жніўня ля Стэлы, 10-га на Пушкінскай за паўгадзіны да таго, як там застрэлілі Тарайкоўскага. Канечне, самым эмацыйна складаным момантам была ноч ля Акрэсціна, калі адтуль выходзілі вязні. Яшчэ ў траўні я зразумеў, што народ проста так не праглыне прыніжэнне з каронавірусам. Я ўсведамляў, што пасля выбараў будзе жорсць, таму быў падрыхтаваны да здымак: набыў нейкую ахоўную экіпіроўку, купіў маленькую тэхніку, якую ў выпадку затрымання было б не шкада. Насамрэч, мне проста пашанцавала. На Стэле выратавала тое, што нейкі аўтобус гераічна развярнуўся насупраць тэхнікі і АМАПу і даў магчымасць людзям адысці. Яшчэ да гэтага мяне заліў вадамёт, я падумаў, што здымкі скончаны, і сышоў. Кіроўца, які мяне паўсюль вазіў, таксама выратаваў. Я здымаў кожны дзень да 30 жніўня, у мяне было тры схованкі, у апошнія дні ўвогуле пачалася параноя. Я меў унікальны матэрыял, нельга было, каб мяне тупа затрымалі, я турбаваўся, што тады не будзе фільма, які пакажа праўду. Аднойчы мяне нават цягнулі ў бус. 2 верасня я з’ехаў і планаваў праз два тыдні вярнуцца, але потым стала зразумела, што гэта небяспечна.

— Ці адчуваеш ты сёлета асаблівы інтарэс кінафестываляў да беларускай тэмы?

— Канечне, апроч Берлінале «Кураж» ужо адабраны на пяць кінафестываляў і ўсе яны — высокага рангу. Спадзяюся, мой фільм выбіраюць не толькі з-за тэмы, гэта было б дзіўна. Але так, Беларусь цяпер цікавая, пытанне толькі, ці будуць фільмы, якія задаволяць гэты інтарэс.

— «Возера радасці» не трапіла ў шорт-ліст «Оскара». Ты расстроіўся?

— Не, ты што. Я ведаю, што еўрапейскае аўтарскае кіно, амаль без слоў, на такую тэму нерэальна прасунуць на амерыканскі рынак.

— Карціна была паказаная на сямідзесяці фестывалях і атрымала трыццаць узнагарод. Ты зарабіў на «Возеры»?

— Хіба вярнуў свае грошы, якія ў яго ўклаў. Ну можа быць, 5-10 тысяч еўра зарабіў. У выпадку з кароткім метрам галоўнае — перайсці на прыступку, на якой табе прасцей шукаць фінансаванне на наступны поўнаметражны праект. Фестывалі для гэтага і патрэбны: задаволіць аўтарскае эга і знайсці грошы.

Кадр з фільма «Возера радасці»

Кадр з фільма «Возера радасці»

— «Возера радасці» дапамагло табе ў пошуку грошай?

— Так, з «Куражом» ужо было прасцей, у мяне таксама ёсць пачатковае фінансаванне на наступны мастацкі фільм.

— А аўтарскае эга ты задаволіў?

— Думаю, так. Важна яшчэ, што ў свеце крыху больш даведаліся пра беларусаў. Беларускія фільмы на міжнародных фестывалях ствараюць хоць нейкі варушняк: калі ў краіне няма кінаіндустрыі, застаецца развіваць беларускае кіно такімі партызанскімі метадамі.

— Ты жывеш у Германіі, а здымаеш пра Беларусь. Чаму не здымаць у Германіі пра Германію альбо вяртацца ў Беларусь і здымаць тут?

— Пра Германію я не магу здымаць, бо не разумею гэтую краіну так добра, як сваю. Трэба пражыць тут пяцьдзесят гадоў, каб хоць крыху спасцігнуць яе і нямецкае грамадства. Пра што мне яшчэ здымаць, як не пра Беларусь? Я проста па-добраму выкарыстоўваю для гэтага магчымасці, якія знаходжу ў Германіі. Немцы глыбей глядзяць на свет, чым мы думаем, гэта глабальная краіна, тут разумеюць, што беларус можа стварыць выдатнае кіно і зрабіць гэтым карысць нямецкаму кінематографу. Праўда, калі гаворка ідзе пра вялікія грошы, канечне, у праекце павінна быць нешта нямецкае. У маім наступным фільме будуць і Беларусь, і Германія.

— Ён раптам не пра Другую сусветную?

— Не, там нашая рэчаіснасць і час, калі я з'явіўся на свет.

Кадр з фільма «Кураж»

Кадр з фільма «Кураж»

— Што новага ты даведаўся пра беларусаў падчас здымак «Куражу»?

— Што, магчыма, у нашай мірнасці, за якую нас крытыкуе хто толькі можа, ёсць нешта асабліва разумнае. Усе гэтыя «маглі б» вядуць да неабдуманых крокаў, бо дзе эмоцыі, там памылкі, а знайсці баланс — гэта мастацтва. Напэўна, таму беларусы, калі эмоцыі сціскаюцца як спружына, адразу думаюць: «Так, уключай галаву, уключай галаву».

— З якімі адчуваннямі ты з’язджаў з Беларусі ў пачатку верасня?

— Вельмі не хацелася з’язджаць, бо было прадчуванне, што нешта адбудзецца — нешта альбо цудоўнае, альбо вельмі кепскае. Але ўжо ў Германіі я зразумеў, што ні цудоўнага, ні кепскага ў бліжэйшы час не будзе.

— Ці хапіла табе матэрыялу, які ты зняў у жніўні, альбо добра было б усё ж вярнуцца праз два тыдні?

— Матэрыялу столькі, што можна два фільмы зрабіць. Мы вельмі інтэнсіўна мантавалі, бо я хацеў паспець на Берлінскі кінафестываль. Дзе праводзіць прэм’еру «Куражу», як не ў Берліне — горадзе, які быў падзелены паміж дзвюма краінамі? Хто, як не берлінцы, ведае, колькі каштуе свабода? Дэдлайнам падачы быў пачатак лістапада, фестываль даў нам яшчэ два тыдні, то-бок давялося два з паловай месяца рок-н-роліць. Увогуле добра было б гэты матэрыял яшчэ годзік памяць, але фільм патрэбны цяпер, да таго ж рэчаіснасць мяняецца. Пакуль што «Кураж» і патавая сітуацыя ў ім актуальныя.

— Што ты адчуў, калі даведаўся, што ты — у праграме Берлінале?

— Хочацца сказаць нешта рамантычнае, але такога не было. Гэта быў доўгі шлях: перасоўванне з адной секцыі ў другую, перамовы з іншымі фестывалямі, таму на момант афіцыйнага пацверджання ў мяне было проста адчуванне стомленасці. Ужо пасля прыйшло разуменне, што адбылося нешта цудоўнае. Для мяне важна, што прэм’ера «Куражу» адбудзецца менавіта на Берлінале: я восем гадоў прыязджаў на гэты фестываль і марыў, што калі-небудзь беларускі фільм будзе тут паказаны.

Чытайце таксама:

Як мінскі айцішнік Аляксей Палуян стаў кінарэжысёрам

Сусветная прэм’ера фільма па кнізе Марціновіча «Возера радасці» — на галоўным міжнародным фестывалі кароткага метра. Чаму гэта прарыў?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?