Начальнік упраўлення СК Беларусі па Гомельскай вобласці Сяргей Удавікоў распавёў, што ўвечары 9 жніўня малады чалавек удзельнічаў у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах на плошчы Леніна ў Гомелі.

«Тут яго затрымалі. Пры гэтым ён спрабаваў вырвацца, таму супрацоўнікі міліцыі на законных падставах ужылі фізічную сілу. Затым яго даставілі ў РАУС Чыгуначнага раёна, потым — у ізалятар часовага ўтрымання, дзе скаргаў на стан здароўя не прад'яўляў», — цытуе сілавіка АНТ.

— Падчас агляду фельчарам у следчым ізалятары былі выяўленыя прыкметы расстройства псіхічнай дзейнасці, у сувязі з чым малады чалавек быў дастаўлены ў псіхіятрычную бальніцу. У бальніцы стан маладога чалавека рэзка пагоршыўся, супрацоўнікі міліцыі выклікалі хуткую дапамогу, якая даставіла яго ў бліжэйшую медустанову, дзе маецца аддзяленне рэанімацыі. Нягледзячы на намаганні дактароў, 12 жніўня ў 3.35 Аляксандр Віхор памёр.

Паводле высноў першаснай і дадатковай комплекснай камісійнай судова-медыцынскай экспертыз, смерць Аляксандра Віхора наступіла ў выніку вострай недастатковасці кровазвароту, якая развілася з прычыны захворванняў сардэчна-сасудзістай сістэмы.

На целе выяўленыя непрамыя пераломы рэбраў, пераломы грудзіны, якія ўтварыліся пры правядзенні рэанімацыйных мерапрыемстваў — непрамога масажу сэрца.

Алкаголю, наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў у арганізме не выяўлена.

Па высновах экспертнай камісіі, расстройства псіхічнай дзейнасці маскіравала клінічныя праявы былі ў яго захворванняў сардэчна-сасудзістай сістэмы. Дакладна ўстаноўлена, што неабходнасць аказання хуткай медыцынскай дапамогі ўзнікла ў ходзе агляду яго псіхіятрам-нарколагам.

— У склад камісіі ўвайшлі найбольш кваліфікаваныя эксперты Дзяржкамітэта судовых экспертыз і дактары з практыкай у галіне кардыялогіі, псіхіятрыі, наркалогіі і тэрапіі, якія маюць вучоныя ступені і стаж працы ад 10 да 46 гадоў. Не давяраць высновам экспертаў няма ніякіх падстаў — кажа начальнік УСК па вобласці.

У ходзе праверкі, паведамляе начальнік УСК, устаноўлена, што да наступлення смерці Аляксандра Віхора прывялі захворванні сардэчна-сасудзістай сістэмы, якія раптоўна абвастрыліся

У СК кажуць, што ўпершыню захворванне сардэчна-сасудзістай сістэмы ў Аляксандра Віхора дыягнаставалі ў 2017 годзе падчас праходжання медыцынскага абследавання па накіраванні ваеннага камісарыята. Па яго выніках, малады чалавек быў прызнаны непрыдатным да вайсковай службы па хваробе і залічаны ў запас. У чэрвені мінулага года медкамісія зноў прызнала яго непрыдатным да вайсковай службы па хваробе.

Сям'я загінулага Аляксандра аб заканчэнні праверкі таксама даведалася сёння.

— Хвілін 40 таму патэлефанаваў следчы і паведаміў, што ў завядзенні крымінальнай справы па факце яго смерці нам адмоўлена. Сказаў, што з вынікамі праверкі нас азнаёмяць, але не цяпер — у панядзелак трэба прыйсці ў СК. Калі шчыра, мы пакуль у шоку і разгубленасці, — кажа сястра загінулага Аляксандра Вольга.

Нагадаем, 25-гадовага Аляксандра Віхора затрымалі ўвечары 9 жніўня на вуліцы Савецкай у Гомелі, па словах родных, ён ехаў да сваёй дзяўчыны. Сям'я шукала сына тры дні: тэлефанавалі і хадзілі ў РАУС, дзяжурылі да ночы ля СІЗА і ІЧУ. І толькі калі 12 жніўня родныя прыехалі ў міліцыю пісаць заяву аб знікненні чалавека, стала вядома: Сашы няма ў жывых яшчэ з 11-га жніўня.

Момант затрымання Аляксандра Віхора. Фота Сяргея Камкова

Момант затрымання Аляксандра Віхора. Фота Сяргея Камкова

У той жа дзень у Следчым камітэце распавялі сваю версію таго, што адбылося. Маўляў, Аляксандр Віхор быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі за актыўны ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Пастановай суда быў прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе арышту тэрмінам на 10 сутак. Мужчына быў накіраваны да месца адбыцця пакарання, дзе ў яго рэзка пагоршылася самаадчуванне. Гамяльчук быў дастаўлены ў бальніцу, там памёр. «Падчас першаснага агляду бачных цялесных пашкоджанняў, якія маглі стаць прычынай смерці, выяўлена не было», - казалі ў СК.

Яшчэ праз дзень следчы паведаміў родным, што Саша памёр ад перадазіроўкі наркотыкаў. Праўда, потым, пасля агалоскі ў СМІ, аб гэтай версіі забыліся, па справе памянялі следчага, казалі родныя.

Не раз Віхоры звярталіся ў пракуратуру з просьбай аб распачынанні крымінальнай справы на супрацоўнікаў міліцыі за неправамерныя дзеянні ў дачыненні да іх сына. Праверку па факце яго гібелі ўсё падаўжалі.

Каб аднавіць карціну падзей, родныя самі шукалі сведак — такіх жа затрыманых, якія знаходзіліся з Аляксандрам у апошнія дні і гадзіны яго жыцця. І яны знайшліся і распавялі, што бачылі. Але ўсе яны страцілі сувязь з Сашам прыкладна 11 жніўня ў 10 вечара. У дзве ночы хлопца прывезлі ў бальніцу. Каля чатырох гадзін раніцы ён памёр.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?