Каманда брытанскіх навукоўцаў распрацавала камп’ютарны алгарытм, каб высветліць, адкуль можна чакаць з’яўлення новага каранавіруса. Дзякуючы гэтаму ўдалося знайсці нашмат больш патэнцыйных крыніц віруса, чым было вядома раней, піша Бі-Бі-Сі.

Як тлумачыць удзельнік даследвання доктар Маркус Благроўв з Ліверпульскага ўніверсітэта, адзін з шляхоў з’яўлення новага каранавіруса — гэта зліянне і перабудова, якія адбываюцца пры сутыкненні двух ужо існуючых каранавірусаў. Таму ідэя алгарытму простая — навучыць камп’ютар выяўляць вірусы і біялагічныя віды, якія, хутчэй за ўсё, могуць зрабіцца крыніцай такіх працэсаў.

Галоўным этапам у даследаванні брытанцаў было знайсці біялагічныя віды, здольныя быць пераносчыкамі адразу некалькіх вірусаў. Навукоўцы высветлілі, што сярод сысуноў такіх відаў значна больш, чым лічылася раней. Напрыклад, пальмавая куніца і звычайны лістанос здольныя быць пераносчыкамі адпаведна 32 і 68 каранавірусаў. А ў арганізмах відаў кшталту вожыка, труса ці аднагорбага вярблюда вірус кавіду здольны злівацца з іншымі існуючымі каранавірусамі і нараджаць новы вірус.

Навукоўцы спадзяюцца, што ў будучыні медыцына зможа прадухіляць наступныя пандэміі яшчэ да іх пачатку. Немагчыма назіраць адначасова за ўсімі біялагічнымі відамі, але калі вызначыць патэнцыйна небяспечныя — магчыма. Навукоўцы хочуць выйсці на такі ўзровень прагназавання, каб фіксаваць новы каранавірус яшчэ на стадыі яго з’яўлення ў арганізме жывёлы і да таго, як новая хвароба пяройдзе ад жывёл на чалавека.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0