Фота Depositphotos.com

Фота Depositphotos.com

Біяметрычная ідэнтыфікацыя становіцца ўсё больш распаўсюджанай. Тэхналогія распазнавання твараў ужо выкарыстоўваецца на рэгістрацыі ў аэрапортах, у пастарунках паліцыі і нават у начных клубах. У той жа час адбіткі пальцаў і сістэмы распазнавання голасу або радужнай абалонкі ўжо даўно сталі неабходнымі ў розных галінах для забеспячэння бяспекі, піша CNN.

Аднак даследчыкі з Універсітэта Новага Паўднёвага Уэльса, што ў Аўстраліі, адзначаюць, што большасць сучасных біяметрычных метадаў маюць пэўныя недахопы. Адбіткі пальцаў лёгка знішчаюцца з паверхні, сістэмы распазнавання твару можна падмануць фотаздымкам з сацсеткі, а кантактныя лінзы могуць выкарыстоўвацца для таго, каб збіць сістэму распазнавання радужнай абалонкі.

«Узоры вен знаходзяцца пад скурай, таму не пакідаюць адбіткаў, якія можна знішчыць або падрабіць, да іх няма доступу ў сацсетках, у адрозненне ад фотаздымкаў твару», — перакананы Саід Шах, даследчык з Універсітэта Новага Паўднёвага Уэльса. — Таму мы верым, што новы метад ідэнтыфікацыі з дапамогай вен падмануць будзе больш складана».

З дапамогай камеры глыбіні Intel RealSense даследчыкі зрабілі каля 17 500 выяў ад 35 чалавек, якія сціскалі руку ў кулак, і ўзор вен на тыльным баку далоні станавіўся выразна бачным. Пасля штучны інтэлект вылучаў з гэтых выяў адметныя прыкметы, якія затым маглі выкарыстоўвацца для ідэнтыфікацыі чалавека з дакладнасцю 99%.

Даследчыкі сцвярджаюць, што такі метад можа быць выкарыстаны для аўтэнтыфікацыі людзей на персанальных прыладах, напрыклад, на ноўтбуках ці смартфонах.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0