Гэта мабільны дадатак, які дапаможа кожнаму вывучыць беларускую прафесійную лексіку ў сваёй сферы дзейнасці.

Праграма дае магчымасць патрэніравацца, папрактыкавацца і пацвердзіць веды размоўнай беларускай мовы сваёй прафесіі і нават атрымаць сертыфікат накшталт тых, што існуюць для замежных моў (аналаг TOEFL, IELTS, PTE).

Праект скіраваны на ўкараненне беларускай мовы ў карпаратыўную культуру, каб супрацоўнікі кампаній выдатна разумелі родную мову, а яшчэ лепш — гаварылі па-беларуску з кліентамі кампаніі і часцей карысталіся ёй з калегамі.

Мабільны дадатак лёгка і зручна выкарыстоўваць пры навучанні. Заданні не дужа складаныя і больш арыентаваныя на вывучэнне канкрэтных выразаў у адпаведных сферах дзейнасці. Напрыклад, трэба зачытаць услых кароткі тэматычны тэкст на беларускай мове або апісаць па-беларуску карцінку. 

Для атрымання вынікаў выкарыстоўваюцца тэхналогіі штучнага інтэлекту — нейронавыя сеткі, якія будуць узбагачацца тысячамі гадзін беларускіх тэкстаў, начытаных валанцёрамі для ўзору правільнасці вымаўлення.

«Калі прадпрыемствы Беларусі возьмуць на сябе адказнасць за беларускую мову, а мы з нашага боку створым неабходныя інструменты, як найлепшым чынам інтэграваць беларускую мову ў працэсы кампаніі, мы зможам атрымаць вялікі скачок у пашырэнні жывой беларускай мовы. Выйсці на якасна новы ўзровень.

Акрамя таго, гэта штуршок у развіцці навукі ў распазнаванні беларускай размовы, нездарма мы робім гэты праект разам з Цэнтрам ведаў CLARIN па апрацоўцы беларускіх тэкстаў і маўлення (K-BLP). Для бясспрэчнай правільнасці падыходу ў ацэньванні будзе задзейнічаны Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН Беларусі — найлепшыя эксперты ў беларускай мове. 

А самая галоўная асаблівасць праекта — гэта грунтоўнасць, своечасовасць і надзвычайная каштоўнасць для нашай краіны!» — кажа кіраўнік праекта Аляксандр Шастаковіч.

Вядуцца перамовы аб падтрымцы распрацоўкі праекта з буйнымі кампаніямі з банкаўскай сферы, рытэйлу, тэхналогій, галіны сувязі. Да праекту ўжо далучыліся піваварная кампанія Аліварыя, ActiveCloud, Jet BI, кавярня «Шпаркі Лось», стаматалагічная лякарня «Глорыя» і некаторыя іншыя.

Кампаніі, якія ўжываюць беларускую мову ў камунікацыі, атрымаюць лаяльнасць сваіх спажыўцоў і канкурэнтную перавагу. Акрамя таго, падтрымка роднай мовы — гэта яркі прыклад карпаратыўнай сацыяльнай адказнасці.

Падтрымаць стартап могуць беларускія кампаніі, а таксама неабыякавыя людзі, якія хочуць зрабіць яго рэальным не толькі для сваёй прафесіі, але і для ўсёй краіны.

Афіцыйны запуск праекта прызначаны на Дзень роднай мовы — 21 лютага.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0