За апошнія месяцы ў свеце было не так шмат магчымасцяў, каб стварыць пачуцце еднасці, бо ў большасці краін працягваецца каранцін і захоўваюцца строгія правілы сацыяльнай дыстанцыі. 

Аднак танцавальны флэшмоб пад песню «Jerusalema» стаў тым спосабам, каб падбадзёрыць сябе ў складаны час. Людзі ва ўсім свеце пачалі запісваць відэа, на якіх яны танцуюць пад песню паўднёваафрыканскага выканаўцы Master KG, што ён выпусціў у канцы 2019 года.

Гэты флэшмоб падхапілі і беларусы. Ледзь не кожны раён Мінска запісаў відэа, дзе мясцовыя жыхары ў бел-чырвона-белым адзенні разам танцуюць пад адну з самых вядомых песень 2020 года.

Аднак студыя гуказапісу Warner Music, з якой Master KG заключыў кантракт, патрабуе ліцэнзійныя зборы за выкарыстанне песні ў відэа.

Прадстаўнік Warner Music паведаміў DW, што прыватным асобам не трэба атрымліваць ліцэнзію на выкарыстанне песні ў межах флэшмобу. Аднак калі ў відэа назіраецца «рэкламны або іміджавы эфект на карысць установы, кампаніі ці арганізацыі», то тут маюць месца перамовы наконт атрымання ліцэнзіі.

Гэта рашэнне вядомай студыі гуказапісу выклікала шырокую негатыўную рэакцыю ў сацыяльных сетках. Кампанію абвінавачваюць у імкненні нажыцца на вядомым флэшмобе, што ў выніку прывядзе да страты яго папулярнасці ўвогуле.

Аднак пры гэтай хвалі крытыкі юрысты вымушаныя прызнаць, што выкарыстанне песні ў відэа без дазволу выканаўцы — парушэнне аўтарскіх правоў.

«Наша задача — забяспечыць артыстам справядлівы ганарар за выкарыстанне іх музыкі», — адзначае кампанія Warner Music. Музыканты таксама пакутуюць з фінансавага пункту гледжання ад пандэміі. Калі песня выкарыстоўваецца без дазволу, то выканаўца губляе аўтарскі ганарар.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?