Пра гэта паведамілі выданню тры інфармаваныя крыніцы.

«Камерсант» каламбурыць, называючы Лук'янава «паслом спецыяльнага казначэння» і адзначае, што ён «ведае лік грошам».

69-гадовы Яўгеній Лук'янаў ад 2016-га з'яўляецца паслом у Латвіі. Ён скончыў Ленінградскі дзяржаўны універсітэт, ведае англійскую і французскую мовы, на дыпламатычнай працы з 1984 года. Таксама быў на кіруючых пасадах у банкаўскай сферы, а да прызначэння ў Латвію быў намеснікам сакратара Рады бяспекі Расіі.

Па словах суразмоўцаў «Коммерсанта», кандыдатура ўзгодненая, Пуцін падпіша загад аб прызначэнні ў найбліжэйшы час.

Адзін з яго калег па Радзе бяспекі РФ у гутарцы з «Камерсантам» ахарактарызаваў Лук'янава як «сур'ёзнага чыноўніка, які не баіцца прымаць рашэнні і браць на сябе адказнасць».

Ён публічна каментаваў канфліктныя сюжэты накшталт сітуацыі ва Украіне. Напрыклад, заяўляў, што Майдан 2013—2014 гадоў Захад зладзіў, каб ускладніць жыццё Расіі.

— Пяць мільярдаў даляраў былі патрачаныя ЗША на падрыхтоўку Майдана. Цікава, дарадцы Абамы дакладвалі яму, што ў выніку ўсіх гэтых дзеянняў Крым вернецца ў РФ або што рэйтынг Пуціна пасля гэтага зашкаліць за 80%? Хацелі нам адпомсціць за сірыйскую хімічную зброю, за іранскую ядзерную праграму, за спадара Сноўдэна, можа, яшчэ за нешта, карацей, хацелі «падкласці такога вожыка пад наша цела». Падклалі, але самі ўкалоліся, — заявіў Лук'янаў РІА «Новости» ў 2014 годзе.

Ён таксама заяўляў, што лагеры па падрыхтоўцы баевікоў для Майдана былі арганізаваныя ў Польшчы.

Нязменнымі саюзнікамі Расіі Яўгеній Лук'янаў называў армію і флот. «Гэта жорсткая імперская ацэнка Аляксандра III, але іншай няма», — адзначаў ён.

«Коммерсант» нагадвае, што Расія ў трэці раз за апошнія тры гады мяняе пасла ў Мінску.

Міхаіл Бабіч стаў паслом у жніўні 2018 года і амаль адразу трапіў у няласку. 

Дзмітрый Мезенцаў, які займае гэтую пасаду цяпер, як чакаецца, стане дзяржсакратаром Саюзнай дзяржавы. Грыгорый Рапота, якому споўнілася 77 гадоў, сыдзе ў адстаўку ў найбліжэйшы час.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0