Следчы камітэт Расіі распачаў крымінальную справу паводле арт. 318 КК РФ (Ужыванне гвалту ў дачыненні да прадстаўніка ўлады) супраць жыхара Якуціі Аляксандра Габышава, які называе сябе шаманам і праславіўся спробай паходу з Якуцка ў Маскву. На яго ўжо заводзілі справу, а ў студзені паўторна адправілі ў псіхдыспансер, піша ВВС.

Справа распачатая ў сувязі з падзеямі 28 студзеня, калі дадому да Габышава прыехалі сілавікі, каб даставіць яго ў стацыянар якуцкага псіхдыспансера. З-за якіх менавіта дзеянняў Габышава распачатая справа, пакуль невядома.

У сакавіку 2019 года Габышаў абвясціў, што адпраўляецца ў пешае падарожжа з Якуціі ў Маскву, каб «выгнаць» прэзідэнта і «аднавіць народаўладдзе». Паход па маршруце працягласцю каля 8 тысяч кіламетраў павінен быў працягнуцца два гады. Увосень 2019 года на Габышава завялі крымінальную справу аб публічных закліках да экстрэмісцкай дзейнасці, яго затрымалі на тэрыторыі Бураціі і даставілі ў Якутск. 

Габышава прызналі псіхічна нездаровым і змясцілі ў дыспансер, дзе ён знаходзіўся да ліпеня 2020-га.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0