Алісу і Арцёма бачна на скрыншоце з відэа. Дзяўчына — ў чорным худзі, хлопец — адзін з тых, хто ляжыць на падлозе.

«Гэта адбывалася ўвечары 11 жніўня. 

Нас было чацвёра — трое сябровак і хлопец. Мы каталіся па горадзе на машыне, глядзелі, што і дзе адбываецца, — згадвае Аліса. — На Каменнай Горцы ўбачылі, што ўздоўж дарогі стаяць людзі. На праезную частку ніхто з іх не выходзіў, ды і людзей было няшмат, на мой погляд, чалавек сто.

Сілавікоў не было зусім, было ўсё спакойна. Людзі махалі рукамі, свяцілі ліхтарыкамі.

Мы паглядзелі на гэта і пайшлі ў краму — купіць ежы. Узялі нейкіх булак, салатаў, прыселі за столікамі на фудкорце. І тут раптам у залу пачынаюць забягаць людзі. 

Са словаў людзей мы зразумелі, што прыехаў АМАП і ён ужо пад дзвярыма. Хвілін праз пяць-сем кінулі святлошумавую гранату проста пад дзверы крамы — гэта было страшна і небяспечна. 

Мы засталіся сядзець на фудкорце».

Дзяўчына мяркуе, што людзі пабеглі з вуліцы хавацца ў краму, калі пад’ехалі сілавікі. У тых, хто забег з вуліцы, па словах Алісы, не было ні зброі, ні палак, ні нават сцягоў. У «Алмі» яны стаялі спакойна, не выкрыквалі лозунгаў.

Калі АМАП забег у краму, людзі паспрабавалі выратавацца: хтосьці збягаў у гандлёвую залу, хтосьці хуценька садзіўся за столікі на фудкорце. Але гэта не вельмі дапамагала.

«Сілавікі пабеглі за людзьмі — спачатку мэтанакіравана за тымі, хто пачаў ад іх збягаць. 

Але некаторых забіралі проста з-за столікаў.

Хапалі каго можна. Мой сябар Арцём стаяў за метр ад мяне, падбеглі да яго, штосьці сказалі — ён адказаў, што проста зайшоў па прадукты. Арцёма адразу павалілі на падлогу і пачалі біць, — расказвае Аліса. — Бралі мужчын, жанчын не чапалі. Некаторым мужчынам проста загадвалі: «Вось ты, на вуліцу!» Тых, хто не пагаджаўся, білі і ўсё роўна забіралі. 

Арцёма спачатку паклалі на падлогу ля столікаў. Пасля вывелі ў калідорчык ля ўваходу і там паклалі на падлогу. Мы з сяброўкамі падыходзілі і прасілі сілавікоў, каб Арцёма адпусцілі. У нас была ежа ў пакетах, якую мы не даелі, былі квіткі з крамы — мы казалі нейкаму маладому амапаўцу, маўляў, глядзіце, мы проста прыйшлі паесці! Адпусціце!

Першы сілавік, якога прасілі, здаецца, быў згодны адпусціць Арцёма. Але ён адышоў, і іншыя сілавікі проста паднялі хлопца і вывелі, а да нас падышоў сілавік і сказаў: «Дзяўчаты, сыходзьце, а то вас таксама забяром».

Мы выйшлі на вуліцу, думалі, што рабіць далей — машына, на якой прыехалі, належала Арцёму. Было вельмі страшна — не перадаць словамі, уражанне нібыта тэрарысты захапілі самалёт.

Паўгадзіны-гадзіну мы проста бадзяліся па раёне і не ведалі, што рабіць. Метро было закрытае, таксі не выклічаш, бо няма інтэрнэту… У выніку злавілі машыну і раз’ехаліся па дамах.

Арцём змог набраць нас, пасля мы яму перазванілі — ён адказаў, што яго вязуць у РУУС. Гэта была апошняя наша размова, найбліжэйшыя тры дні мы не ведалі, дзе ён».

Арцём пра свае прыгоды расказвае наступнае:

«Калі людзі забягалі ў краму, ахоўнікі іх пускалі, пасля зачынялі дзверы. Я бачыў праз шкло: пад’ехаў аўтазак, з яго высыпалі сілавікі. У нейкі момант ахоўнікі вымушаныя былі адчыніць дзверы ў краму — я так мяркую, што ім загадалі ці пагражалі сілавікі. («Наша Ніва» звярнулася па каментар да ахоўнікаў «Алмі», яны не захацелі размаўляць Рэд.)

Людзі пачалі бегчы ўнутр крамы. Я стаяў ля століка, за якім сядзелі мае сяброўкі. Да мяне падбеглі сілавікі, ударылі дубінкай і толькі пасля ўдару загадалі легчы. Я не супраціўляўся, але мяне паклалі і прыціснулі нагой да падлогі. Пасля вывелі ў калідорчык каля ўваходу, паклалі там. 

Я ляжаў там, бачыў, як працуюць сілавікі. Былі моманты, калі адзін, здаецца, ужо адпускае, але раптам падскоквае іншы і кажа: «Не, ні храна», — ды пачынае біць.

Пасля падышла мая дзяўчына да сілавіка, пачала прасіць, каб мяне адпусцілі. Я сам чуў, што адзін мяне адпускаў, але другі сказаў: «Не, забіраем яго».

Арцёма вывелі з крамы, завялі ў аўтазак.

«Напоўніўся аўтазак, мы стаялі на каленях. Калі заводзілі апошняга мужчыну, то яго так збілі ці напалохалі, што ён, прабачце, абасраўся. У прамым сэнсе. Дарослы мужык, гадоў 45. Яго пасадзілі на лаўку. 

У аўтазаку не білі — хіба толькі адзін раз, калі ўбачылі мой гадзіннік белага колеру і падумалі, што гэта браслет.

Рэчы пазабіралі — але дазволілі пазваніць сваім, паведаміць, што ты затрыманы, — кажа Арцём. — Затым нас павезлі ва Фрунзенскае РУУС. Але там месцаў для нас не было, вывелі толькі таго мужчыну, які абдзелаўся, і некалькіх чалавек, хворых на кавід. У іх былі даведкі з сабою, сілавікі яшчэ пыталіся, маўляў, дык чаго яны з кавідам на вуліцы? Людзі тлумачылі, што ім дазволена выходзіць у краму».

Астатніх адвезлі на Акрэсціна. 

«Пачалося з таго, што перад аўтазакам выстраіліся сілавікі — гэта называлася ці то «прывітанне», ці то «пасвячэнне». Чалавек мусіў бегчы праз калону сілавікоў і крычаць «Я люблю спецназ!» і «Я за Лукашэнку!». Калі хтосьці падаў — білі, — згадвае Арцём. — Але самае жорсткае было, калі мы некалькі гадзін стаялі пасля каля сцяны на каленях. Пасля прыйшла жанчына перапісваць нашы звесткі — і ў той момант у мяне не вытрывалі ногі, я ўпаў. Падышоў чалавек у цывільным без маскі, ударыў мяне са словамі «Я цябе сюды, *ука, не клікаў!». Я адказаў: «Дык я сюды і не прасіўся!» Ён падняў мяне і паставіў назад да сцяны.

Пасля нас завялі ў прагулачны дворык. Было каля 50 чалавек. Вады не давалі, мачыцца прыходзілася па кутах, усе нашы просьбы ігнараваліся.

Затым — у перапоўненую камеру. Там было 5 коек, людзей было чалавек 20. Людзі мяняліся, некаторых забіралі «На выхад!», прыводзілі новых. 

З намі быў малы, які сказаў, што яму 17 гадоў. Быў украінец, які казаў: «З’ехаў у Беларусь ад вайны, а тут таксама вайна».

І ў адну ноч чуем, што ў суседніх камерах апладзіруюць. Затым да нас заходзіць нейкі чалавек, пачынае расказваць: «Вы трапілі пад амністыю! Вас жа тут не білі?»

Усе адказваюць: «Так, так, не білі!» Бо ўсім хацелася выйсці як мага хутчэй. 

Гэты мужчына сказаў, што гадзіны праз дзве-тры нас адпусцяць. Усе пачалі апладзіраваць, пасміхацца, і ў гэты момант зайшла нейкая дзяўчына ў цывільным — сфатаграфавала нас».

Па словах Арцёма, гадзіны праз чатыры яго сапраўды адпусцілі. Гэта была ноч з 13 на 14 жніўня. 

«Вывелі з камер, далі нам падпісаць нейкую паперу. Затым можна было заняцца вызваленнем сваіх рэчаў, але я вырашыў, што галоўнае выйсці, рэчы пасля.

Пад Акрэсціна нас сустрэлі валанцёры, далі пазваніць, пачаставалі кавай, цыгарэтай, — кажа хлопец. — Пазней я забраў рэчы: ключы ад аўто, тэлефон, гаманец. Вось толькі гаманец аказаўся пусты, без грошай. 

Далей усё было спакойна да 14 лістапада. У гэты дзень я атрымаў павестку: з’явіцца ў суд 12 лістапада, артыкул 23.34. 

Я прыйшоў у суд, каб даведацца, які вырак. У судзе мне не далі пастанову, паабяцалі даслаць поштай. Але і па сёння нічога не прыйшло — чым скончыўся той суд, я не ведаю».

Пры гэтым, Арцём упэўнены, што суд быў менавіта за затрыманне 11 жніўня (хоць паміж 11 жніўня і 12 лістапада больш чым два месяцы). Больш нідзе яго не затрымлівалі, дый увогуле праблем з міліцыяй не было, запэўнівае хлопец. 

Мяркуючы па логіцы працы судоў, справу Арцёма адправілі на дапрацоўку — як правіла, такія адміністратыўныя справы назад у суд ужо ніколі не вяртаюцца. Здавалася б, хлопцу трэба радавацца — пранясло, ні сутак, ні штрафаў.

«Але чаму радавацца? Мяне затрымалі проста ў краме. Збілі ні за што, — кажа Арцём. — Тое, што было 9-12 жніўня, — гэта бясчынства і прыніжэнне людзей».

Тое ж кажа і Аліса.

«Пасля падзей 9-12 жніўня людзі выходзяць ужо не столькі супраць фальсіфікацый выбараў, колькі супраць гвалту. Асабіста для мяне гэта стала такой кропкай — калі выходзілі за Ціханоўскую перад выбарамі, я не ўдзельнічала, хоць мая пазіцыя была адназначнай, дзейную ўладу я не падтрымлівала.

А пасля саміх выбараў, калі стала вядома, што адбывалася, — вось тады захацелася выйсці на вуліцу, менавіта па прычыне той самаўпраўнасці, якая адбывалася. Гэта было жахліва», — тлумачыць дзяўчына.

Ёй пашанцавала — у далейшым яе не затрымлівалі, на сутках дзяўчына не была. Не было праблем і на працы.

«Начальнік ведаў, што я хаджу на мітынгі, усе калегі ведалі — і ўсе мяне падтрымлівалі», — кажа Аліса.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?