Фота Надзеі Бужан

Фота Надзеі Бужан

Пра Паўла Латушку жонка кіраўніка МЗС, актрыса і вядучая Вера Палякова выказалася ў перадачы «Маркаў. Нічога асабістага» на тэлеканале АНТ.

— Адзінае, чаго я яму ніколі не дарую, што ён выцер ногі аб Купалаўскі тэатр. Што ён разбурыў стагадовую гісторыю тэатра, ён вывеў гэтых людзей і кінуў іх. Вось гэтага я яму не дарую ніколі. Так, яны не авечкі, яны, пэўна, разумелі, што робяць. І я не авечка, я 26 гадоў жыла ў гэтай краіне пры гэтай дзяржаве, і я не лічу, што ўсё было так дрэнна. Тады хто я пасля гэтага, дурніца з трыма вышэйшымі адукацыямі? Ну як я жыла 26 гадоў і не заўважала, што ўсё так дрэнна? І калі людзі, якія ў прынцыпе шмат чаго зрабілі для культуры, для мастацтва, як той жа Пал Палыч Латушка, раптам пачынаюць казаць: «Ды мне ўсё было вельмі дрэнна, было так усё дрэнна, я грошы браў у канверце». Навошта браў? — заявіла Палякова.

Павел Латушка ў інтэрв'ю Malanka Live адказаў Паляковай.

— Па-першае, Купалаўскі тэатр — залаты фонд нацыі, гэта той нацыянальны, духоўны здабытак, пераацаніць значэнне якога для беларускага народа немагчыма. Але трэба таксама разумець, што ён складаецца не з будынка, не з бетону і сталі, ён складаецца, перш за ўсё, з акцёраў, з творчага складу, і гэта выбітныя асобы беларускай культуры. З тэатра сышлі народныя артысты, заслужаныя артысты Беларусі, дарэчы, па колькасці народных і заслужаных артыстаў Купалаўскі тэатр заўсёды быў лідарам.

І гэта людзі прымалі рашэнне, кожны з іх — асоба, кожны з іх асоба ў культуры. І казаць, што хтосьці іх вывеў, хтосьці іх павёў за сабой, хтосьці аб іх выцер ногі — гэта блюзнерства, гэта растаптаць яшчэ раз гэтых людзей, іх пачуцці, іх боль і пакуты. Тыя эмоцыі, якія былі тады, не сышлі, бо рэпрэсіі і гвалт працягваюцца.

Так што ніхто нікога не выводзіў, гэта было рашэнне акцёраў, творчага складу і шэрагу супрацоўнікаў. А Нацыянальны тэатр Купалы — гэта адказнасць перад нацыяй, перад народам, дык вось Купалаўскі тэатр узяў на сябе гэтую адказнасць і ролю, і ён сказаў: так, мы з народам, так, мы з беларускай нацыяй, — сказаў Латушка.

Экс-дырэктар Купалаўскага адзначыў, што за паўтара года, пакуль кіраваў тэатрам, ні разу не сустракаў у ім мужа і жонкі Макеяў.

— Я неяк нешта за гэтыя гады не ўбачыў сямейства [Макеяў] у Купалаўскім тэатры, я там бачыў былых міністраў замежных спраў: Хвастова, Сянько, Латыпава, Мартынава, бачыў прэм'ер-міністра Румаса, але неяк вось гэта сямейства не заходзіла, не знаходзіла час, каб за апошнія гады бываць там. Для таго, каб судзіць, трэба наведваць тэатры, — заявіў Латушка.

Кіраўнік НАУ пералічыў і ўсе тэатры краіны, якія пасля выбараў падвергліся рэпрэсіям.

— А вось што скажа Вера Аляксандраўна наконт Свабоднага Мастацкага тэатра, які фактычна спыніў сваё існаванне, Новага драматычнага тэатра, Гродзенскага драматычнага, дзе сышла палова трупы, Вялікага тэатра, дзе звольнілі артыстаў, Белдзяржфілармоніі, дзе артыстаў затрымлівалі падчас рэпетыцый. Гэта музыкі, артысты, колькі з іх прайшлі праз турмы, Вера Аляксандраўна? Іх таксама вывелі, пра іх таксама выцерлі ногі? Хто? Вы адкажаце на гэтае пытанне?

Якую крывадушнасць трэба мець, каб такое сцвярджаць. Як трэба не разумець дабра і зла, праўды і хлусні? Бо мы не пачулі з вуснаў гэтага сямейства [Макеяў] ні слова пра тых, хто быў забіты, пра тых, хто прайшоў праз катаванні, праз гвалт, затрыманне, збіццё на вуліцах гарадоў Беларусі, калі людзей катавалі ў турмах, калі стаялі стогн і крыкі людзей, якіх збівалі?

Мы пра гэта неяк з вуснаў гэтага сямейства не пачулі, але пры гэтым мы чуем пра падвойныя стандарты: чаму ў іх гэта можна, а ў нас нельга (гаворка ідзе пра ўжыванне сілы і спецсродкаў на пратэстах у Еўропе)? Ды нідзе нельга. Давайце разбяромся спачатку ў нашай краіне.

Калі спадар Макей лічыць, што ў нашай краіне можна забіваць і не заводзіць крымінальных спраў, можна падвергнуць катаванням тысячы грамадзян Беларусі і не заводзіць крымінальных спраў — тады пра што мы наогул у прынцыпе можам дыскутаваць з гэтымі людзьмі? Глыбіня крывадушнасці і няздольнасць бачыць праўду і хлусню проста зашкальвае»,— падсумаваў Латушка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0