Міхаіл Гарбачоў. flickr.com

Гарбачоў займаў вышэйшую дзяржаўную пасаду ў СССР шэсць гадоў, за гэты час ён увайшоў у гісторыю як чалавек, які змяніў краіну і свет. Ён абвясціў новы курс амаль адразу пасля свайго прызначэння генсекам КПСС у 1985 годзе, затым узначаліў Вярхоўны Савет СССР, прапанаваў заснаваць пасаду прэзідэнта і адмяніць артыкул Канстытуцыі аб кіруючай ролі партыі.

У многія мовы свету ў той момант ўвайшлі словы «перабудова» і «галоснасць».

Сёння Гарбачоў па-ранейшаму ўпэўнены ў правільнасці прынятых ім прынцыповых рашэнняў. «У палітыцы, вядома, многае сёння бачыцца ясней, былі прамашкі. Мяне, я ведаю, крытыкуюць за даверлівасць. Але калі б я не давяраў людзям, народу, то перабудова наогул не пачалася б. Лаюць мяне і за галоснасць. Але без галоснасці нічога ў краіне не змянілася б», — адзначыў ён у інтэрв'ю ТАСС напярэдадні юбілею.

У выніку пачатых Гарбачовым пераўтварэнняў Беларусь, як і іншыя рэспублікі СССР, атрымала незалежнасць.

Пачынаючы перабудову, Гарбачоў хацеў захаваць Савецкі Саюз, ён да гэтага часу перакананы, што краіна магла б змяніцца і працягнуць сваё развіццё.

«Перабудова была неабходная і мы вялі яе ў правільным кірунку. Галоўнае, чаго мы дасягнулі ўнутры краіны, — людзі здабылі свабоду, пакончылі з таталітарнай сістэмай», — лічыць ён.

Гарбачоў склаў паўнамоцтвы прэзідэнта СССР 25 снежня 1991 года, тады ж Савецкі Саюз спыніў сваё існаванне.

У міжнародных адносінах Гарбачоў абвясціў «новае мысленне», вынікам чаго стала аднаўленне савецка-амерыканскага дыялогу па ядзерным раззбраенні, заканчэнне халоднай вайны і падпісанне ў 1985 годзе дамовы аб РСМД, вывад савецкіх войскаў з Афганістана, падзенне Берлінскай сцяны і ўз'яднанне Германіі.

Гарбачоў падкрэслівае, што палітыкам неабходна ўмець дамаўляцца. «Я ўспамінаю сярэдзіну 80-х гадоў. Тады і ў нас, і за акіянам многія казалі, што ў адносінах з ЗША нічога не атрымаецца. Але мы аднавілі дыялог, сустрэліся на вышэйшым узроўні — пасля шасцігадовага перапынку — і прынялі сумесную заяву», — сказаў ён раней у інтэрв'ю ТАСС.

У 1990 годзе Гарбачова ганаравалі Нобелеўскай прэміяй міру.

Пасля добраахвотнага сыходу з вышэйшай пасады Гарбачоў застаецца паўнапраўным членам нефармальнага клуба сусветных лідараў, падтрымлівае адносіны з прэзідэнтамі, кіраўнікамі ўрадаў, вышэйшымі чыноўнікамі.

Ён з'яўляецца ганаровым доктарам больш як 30 універсітэтаў свету, удзельнічае ў дзейнасці шматлікіх міжнародных арганізацый, выступае з лекцыямі, піша кнігі і актыўна займаецца дабрачыннасцю.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?