На вуду трапіўся 48-гадовы жыхар Пружанаў. Яму ў месенджары патэлефанавалі нібыта з Нацбанка і прапанавалі дапамагчы выкрыць іх несумленных супрацоўнікаў. Пры гэтым мужчыну не насцярожыла тое, што размову вёў «супрацоўнік КДБ».

Зламыснік старанна і доўга апрацоўваў пружанца, распавядаючы пра міжведамасную (пры ўдзеле КДК, КДБ і службы бяспекі банка) спецаперацыю па адлове фінансістаў, якія «зліваюць» даныя кліентаў і крадуць іх грошы. Сапраўднасць такой інфармацыі пацвярджалі і г. зв. «супрацоўнікі», якія нібыта званілі з гэтых ведамстваў.

У выніку мужчыну пераканалі перавесці 1000 рублёў на канкрэтны разліковы рахунак, адкуль, па легендзе, грошы павінны былі выкрасці, а злавіць зламыснікаў з доказамі злачынства.

На наступны дзень кліенту зноў патэлефанавалі з аналагічнай просьбай. Праўда, на гэты раз угаварылі ўзяць крэдыт і перавесці каля 5000 рублёў на іншы рахунак. Пасля гэтага «праваахоўнікі» перасталі выходзіць на сувязь.

Па факце махлярства распачата крымінальная справа.

У МУС рэкамендуюць не ўступаць у размовы з «работнікамі банка». Ашуканцы актыўна карыстаюцца IP-тэлефаніяй, што дазваляе ім выкарыстоўваць нумары, падобныя на нумары банкаў або такія, якія супадаюць з імі цалкам. Варта ўдакладніць прозвішча супрацоўніка, завяршыць размову і самім ператэлефанаваць у свой банк.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0