Зьвінавацілі жанчыну ва ўдзеле ў масавай акцыі па ч. 3. арт. 23.34 і непадпарадкаваньні супрацоўнікам міліцыі па артыкуле 23.4.

Галіна Гулянкова не прызнала сябе вінаватай. Па словах сына, яна заявіла, што ехала на рынак у Ждановічы, у яе была з сабой кніга Васіля Быкава. Калі яна выйшла з электрычкі, на пэроне да яе падышоў мужчына ў адзеньні рыбака, які трымаў ледабур.

«Ён схапіў маму за руку і сказаў: «Пройдзем». Мама разгубілася і пайшла за ім. Мужчына аказаўся ўчастковым, ён завёў маму ў аўтобус. Мама не супраціўлялася, — кажа Максім, 31-гадовы сын Галіны Гулянковай. — Сьведка, які выступаў у судзе пад псэўданімам, сказаў, што Галіна Гулянкова на пэроне заклікала людзей да нейкіх дзеяньняў, якія зьневажаюць уладу, махала рукамі. Мама сказала, што сьведка лжэ і яе затрымліваў зусім іншы чалавек».

Судзьдзя Міхаіл Макарэвіч не пагадзіўся прагледзець відэа з камэр назіраньня, нягледзячы на просьбы Галіны Гулянковай.

«Мама была ў адчаі, цяжка было яе чуць. Спытала ў судзьдзі: што ёй, яшчэ 17 сутак сядзець? Судзьдзя сказаў: так, пажадаў ёй усяго добрага і пайшоў. Зьдзіўляе такая абыякавасьць да людзей. Гэта сталыя людзі, і зь іх так зьдзекуюцца, — кажа Максім. — Першае, што маці спыталася ў судзьдзі, — ці нармальна гэта, што сталая жанчына з хворай сьпінай сьпіць трэція суткі на падлозе? Але судзьдзя сказаў, што гэтае пытаньне не ў ягонай кампэтэнцыі».

Паводле Максіма, у маці хворая сьпіна, баліць нага, яна ходзіць з кіёчкам. Шмат хто напісаў у сацыяльных сетках і выказаў падтрымку ягонай маці.

«У яе анкалёгія, ёй выдалялі шчытападобную залозу, яна стаіць на ўліку. Яна прымае таблеткі і звычайна стараецца браць з сабой пэўную іх колькасьць, бо, улічваючы сёньняшнюю сытуацыю ў краіне, ня ведаеш, дзе апынесься заўтра», — расказвае сын.

Максім чакае, куды перавядуць маці і калі будзе магчымасьць перадаць ёй перадачу.

Галіна Гулянкова — карэнная мянчанка, вэтэран працы, шмат гадоў адпрацавала на прадпрыемстве «Гарызонт».

«Мама даволі актыўны і пазытыўны чалавек, заўсёды ідзе насустрач людзям, заўсёды стараецца дапамагчы», — кажа сын Галіны Гулянковай.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?