Пракурор Антон Цюменцаў патрабуе 11 гадоў у калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Інцыдэнт адбыўся 12 жніўня на праспекце Пераможцаў, дзе сілавікі ў балаклавах і са зброяй спынялі для праверкі аўтамабілі. Паводле дзяржабвінаваўцы, у судзе даказалі злачынныя дзеянні Троцкага і ягоны намер менавіта забіць супрацоўніка ДАІ.

Былы топ-менеджар банка МТБ Аляксандр Троцкі сцвярджае, што з'ехаў з месца, дзе яго спынілі людзі са зброяй, бо яны не назваліся, не сказалі прычыну спынення аўтамабіля і наставілі на яго зброю, а ён спалохаўся за сваё жыццё. Паводле падсуднага, ён наехаў на маёра ДАІ выпадкова і гатовы кампенсаваць нанесеную шкоду.

Пацярпелы Уладзімір Юраў падчас інцыдэнту атрымаў траўмы нагі, якія экспертыза прызнала няцяжкімі. Пацярпелы запрасіў 20 тысяч рублёў кампенсацыі ад Троцкага. Пракурор пазоў падтрымаў і прасіў задаволіць яго «з улікам разумнасці».

У апошнім слове Аляксандр Троцкі сказаў, што ніколі не мог уявіць, што можа апынуцца ў такой сітуацыі:

«Праглядаючы відэа, я бачыў, як беспадстаўна збіваюць людзей, і я не ведаў, што супрацоўнікі міліцыі могуць несці службу са схаванымі тварамі і ў балаклавах, без адметных знакаў. Калі цябе спыняюць людзі са схаванымі тварамі і зброяй без тлумачэння прычын, накіроўваюць баявую зброю ў мой бок, то я, безумоўна, спалохаўся. У мяне было адно жаданне — проста з'ехаць адтуль. Я ў прынцыпе не мог сабе ўявіць, што такое магчыма і такое можа быць».

Гэта самы суровы тэрмін, якога дамагаеццца пракуратура ў сувязі з пратэстамі. Дасюль самым вялікім пакараннем адзначыўся Брэсцкі абласны суд у дачыненні да Аляксандра Кардзюкова, якому далі 10 гадоў за нібыта замах на забойства сілавіка.

Чытайце таксама: «Супрацоўнік ДАІ дастаў баявую зброю і накіраваў у мой бок». За замах на забойства супрацоўніка судзяць мінчука

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0